Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Еўрапейскі Звяз увёў у дачыненні беларускіх уладаў ужо тры пакеты санкцыяў. Абмежаванні распаўсюджваюцца на 88 фізічных і сем юрыдычных асобаў. На выпадак новага пакету санкцыяў Еўразвязу кіраўніцтва прадпрыемства «Горадня Азот» плануе распрацаваць адпаведныя захады.
12 сакавіка на гарадзенскім «Азоце» адбылося паседжанне з удзелам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, падчас якога абмяркоўвалі вытворчыя планы. Генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка даручыў выпрацаваць захады для арганізацыі працы ў выпадку ўвядзення санкцыяў, паведамляецца на сайце ААТ «Горадня Азот».
«Генеральным дырэктарам даручана распрацаваць меры па арганізацыі працы ў выпадку ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў супраць Беларусі», – распавялі ў прэс-службе прадпрыемства.
На думку Ігара Ляшэнкі, гэтая праблема мае разглядацца з удзелам канцэрну «Белнафтахім», у склад якога і ўваходзіць ААТ «Горадня Азот».
АД, belsat.eu