Еўразійскі банк развіцця раскрыў сакрэт павелічэння міжнародных рэзерваў Беларусі


Еўразійскі банк развіцця растлумачыў, чаму ў студзені выраслі міжнародныя рэзервы Беларусі. У прыватнасці, гэтаму паспрыяла падаражэнне золата на сусветным рынку, гаворыцца ў справаздачы банку. Беларускі Нацыянальны банк з леташняга жніўня не тлумачыць, чаму мяняюцца золатавалютныя рэзервы краіны, і хавае іх структуру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У штотыднёвым макрааглядзе аналітыкаў Еўразійскага банку развіцця гаворыцца, што ў студзені золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 200 мільёнаў долараў і на 1 лютага склалі 8,1 мільярда долараў.

«Павелічэнню рэзерваў спрыяў рост сусветных цэнаў на золата (на 6 % за перыяд з 31 снежня да 31 студзеня), а таксама купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку», – адзначаюць аналітыкі ЕАБР.

На мінулым тыдні Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што міжнародныя рэзервы краіны дасягнулі амаль 8,143 мільярда долараў. Яны растуць пяць месяцаў запар, з леташняга кастрычніка.

Ужо паўгода рэгулятар не раскрывае структуры рэзерваў і фактараў, што ўплываюць на іх змены, паведамляючы толькі пра агульную суму дзяржаўнага скарбу.

Паводле прагнозаў уладаў, на 1 студзеня 2024 года золатавалютныя рэзервы мусяць скласці не меней за 6 мільярдаў долараў. Такім чынам, Нацбанк не выключае, што сёлета актывы скароцяцца на 2 мільярды.

Агляд
Нацбанк даў справаздачы за 2022 год. Што там са стабільнасцю?
2023.01.30 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў