У аўторак, 16 лютага, суд Фрунзенскага раёну Менску працягне разглядаць крымінальную справу супраць журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія ўжо больш за тры месяцы перабываюць за кратамі. Belsat.eu распавядае пра сутнасць справы і нагадвае, як прайшоў першы дзень суда.
Першае паседжанне суда адбылося 9 лютага. У гэты дзень прадстаўніца пракуратуры Аліна Касьянчык распавяла, у чым абвінавачваюць журналістак, у судзе апыталі ўсіх 7 сведкаў, а таксама ўзялі тлумачэнні з абвінавачваных. Пасля гэтага суддзя Наталля Бугук абвесціла перапынак да 14:30 16 лютага. Чым выкліканы такі працяглы перапынак у працэсе, яна не патлумачыла.
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, журналісткі 15 лістапада ў невядомы час «з карыслівых меркаванняў» і «паводле папярэдняе змовы» зарганізавалі дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак. Як адзначаецца ў абвінаваўчым акце, гэтае «злачынства» здзяйснялася пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамеры, мікрафона, штатыва і камізэлькі з надпісам «Прэса» шляхам «агучвання інфармацыі, у тым ліку змешчанай у дэструкцыйных акаўнтах у сацыяльных сетках».
На думку Аліны Касьянчык, Кацярына і Дар’я праз стрым сабралі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, схілялі пратэстоўцаў да канкрэтных дзеянняў і нават кіравалі імі. Дзяржаўная абвінаваўца заявіла, што Кацярына ў жывым эфіры нібыта «выказвала просьбы пад’ехаць на месца правядзення несанкцыянаванай акцыі» і «давала станоўчыя ацэнкі» дзеянням пратэстоўцаў.
Прадстаўніца пракуратуры сцвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хоць бальшыня з гэтых маршрутаў наагул не мае дачынення да плошчы Пераменаў). Шкода «Менсктрансу» была ацэненая на 11 562 руб. 14 кап.
Таксама Аліна Касьянчык заявіла, што Кацярына і Дар’я самі бралі ўдзел у акцыі пратэсту: яны нібыта «выкрыквалі лозунгі» і здзяйснялі «гучныя воплескі рукамі».
Ніякіх. Прадстаўніца пракуратуры Аліна Касьянчык ні на што не спасылалася і нічым не абгрунтоўвала сваіх высноваў.
Ніводны з сямі апытаных сведкаў не распавёў нічога, што б мела дачыненне непасрэдна да абвінавачання, выстаўленага журналісткам. Ніводны са сведкаў не сказаў, што падзеі на плошчы Пераменаў былі нейкім чынам звязаныя са стрымам «Белсату».
Напрыклад, апыталі сведку Мікалая Скарыну – жыхара аднаго з дамоў на плошчы Пераменаў. Ён 15 лістапада тэлефанаваў у міліцыю і скардзіўся на несанкцыянаваную акцыю пратэсту пад сваймі вокнамі. Аднак Кацярыны і Дар’і ён тады не бачыў і ніяк не звязваў падзеі на вуліцы з журналісцкім стрымам. Скарына наагул лічыў, што пратэсты нібыта каардынаваліся з нейкага аўтамабіля, што стаяў у двары.
«А прычым тут я да той карціны, якую вы апісалі?» – запыталася ў сведкі Кацярына Андрэева, аднак гэтае пытанне суддзя зняла.
Прадстаўнік прадпрыемства «Менсктранс» Раман Прановіч не змог патлумачыць, хто канкрэтна і пры якіх абставінах спыніў рух грамадскага транспарту.
Лілія і Дзмітрый Марозы, гаспадары кватэры, адкуль журналісткі вялі стрым, распавялі, што пусцілі Кацярыну і Дар’ю да сябе, каб тыя змаглі весці трансляцыю з плошчы Пераменаў. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку журналістак «Белсату» гаспадары кватэры не бачылі. «Інакш я б папрасіў іх выйсці», – дадаў Дзмітрый Мароз. Тое ж самае ў судзе распавяла Алена Дзядзюля – сяброўка сям’і Марозаў, якая ў той дзень была ў іх у гасцях.
Сведка Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай, заявіў на судзе, што ягоная жонка не здзяйсняла супрацьзаконных дзеянняў: яна проста выконвала свае журналісцкія абавязкі, і гэта бачылі дзясяткі тысяч чалавек онлайн.
Нарэшце ў судзе дапыталі таксіста Яўгена: акрамя таго факту, што ён 15 лістапада падвозіў журналістак да плошчы Пераменаў, хлопец больш нічога патлумачыць не змог.
Кацярына і Дар’я цалкам не прызнаюць сваёй віны. Шкоды, нібыта ўчыненай падзеямі 15 лістапада «Менсктрансу» (11 562 руб. 14 кап.), яны таксама не прызналі, але сваякі журналістак усё ж скампенсавалі гэтыя грошы дзяржаўнаму прадпрыемству.
«Аплата кампенсацыі пацвярджае тое, што я прыстойны чалавек, і дае мне магчымасць зрабіць гэта на карысць прадпрыемства з мэтай павышэння якасці паслугаў, што ажыццяўляюцца», – адзначыла Дар’я Чульцова.
Дар’я Чульцова адмовілася даваць паказанні ў судзе, і таму ў працэсе зачыталі ейныя пісьмовыя тлумачэнні. «Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеянняў не схіляла. У матэрыялах справы няма доказаў супрацьпраўных дзеянняў», – падкрэсліла дзяўчына ў гэтых тлумачэннях.
Кацярына Андрэева выступіла на судзе з прамоваю, у якой падрабязна разабрала і зняпраўдзіла ўсе закіды з боку следства. Яна адзначыла, што выконванне сваіх прафесійных абавязкаў за заробак нельга лічыць «карыслівымі меркаваннямі», а рыхтаванне да стрыму абсурдна называць «папярэдняю змоваю».
Кацярына падкрэсліла, што пратэсты 15 лістапада адбываліся незалежна ад ейных волі і жадання. Калі яна прыбыла на плошчу Пераменаў, пляцоўка ўжо была запоўненая людзьмі, таму ніяк не магла іх сабраць. Акрамя таго, пратэстоўцы не маглі адначасова глядзець стрым і браць удзел у акцыі пратэсту, бо ў той момант спецслужбы блакавалі мабільны інтэрнэт у Менску. Таксама Кацярына падкрэсліла, што нікога не схіляла да «грубага парушэння грамадскага парадку» пры дапамозе стрыму.
«Мае выказванні насілі выключна нейтральны характар. Яны зʼяўляліся апісаннем таго, што адбываецца, і ніяк не могуць быць расцэненыя як просьбы здзяйсняць дзеянні, якія «груба парушаюць грамадскі парадак», – канстатавала яна.
«Я абсалютна невінаватая ў злачынстве, у якім мяне абвінавачваюць. Я лічу свой пераслед палітычна матываваным, а справу супраць мяне сфабрыкаванай ад пачатку да канца. Гэта прымітыўны акт помсты спецслужбаў за маю прафесійную дзейнасць, за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў журналіста», – падкрэсліла Кацярына.
Ейны выступ прысутныя ў зале сустрэлі апладысментамі.
Паводле плану, на паседжанні 16 лютага будуць разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. У прыватнасці, мусяць прагледзець шматгадзінны стрым, што вялі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова з плошчы Пераменаў.
Суддзя Наталля Бугук адмыслова папярэдзіла адвакатаў, каб яны рыхтаваліся да судовых спрэчак. Гэта значыць, што Бугук разлічвае скончыць судовае следства 16 лютага. Такім чынам, вырак можа быць вынесены ў найбліжэйшыя дні.
АА belsat.eu