«З 8 сакавіка, каханая!»


Пра жанчыну грамадства раптоўна ўзгадвае ў Міжнародны жаночы дзень, які нават абвешчаны выходным. Жонак, сябровак, маці атуляюць увагаю, пафаснымі словамі, кветкамі. Аднак 9 сакавіка ўсе Папялушкі вяртаюцца з балю. Адзін з бакоў горкай штодзённасці – хатні гвалт.

Завуаляваны тэрор

Міліцыя рапартуе пра зніжэнні злачынстваў у сямейна-бытавой сферы. Паводле звестак МУС, у 2012 годзе колькасць цяжкіх злачынстваў склала 149 выпадкаў, прычыненне цяжкіх фізічных пашкоджанняў рэгістравалася 123 разы.

Ірына Альхоўка: Мілыя сварацца - не толькі цешацца.Ірына Альхоўка: Мілыя сварацца – не толькі цешацца.Але адмыслоўцы трэцяга сектару цвердзяць, што гэтыя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці. Досвед працы арганізацыі «Гендарныя перспектывы» паказаў, што ў палове выпадкаў пацярпелыя не звяртаюцца па дапамогу. Праблема хатняга гвалту неаднародная, тым не менш, у 95 % выпадках ахвярамі здзекаў становяцца жанчыны, а агрэсарамі – мужы ці сужыцелі.

Цяжка ігнараваць праблему, што прыняла маштабы нацыянальнай. Аднак у краіне дагэтуль не існуе закону, які б папярэджваў злачынствы, а не толькі змагаўся з наступствамі хатняга гвалту. Хоць у Беларусі рэалізуецца ўжо 4-ы Нацыянальны план дзеянняў для забеспячэнні гендарнай роўнасці, няма закону, што дазволіў бы жанчыне заявіць у міліцыю, напрыклад, на пагрозы мужа.

Збіццё – не адзіны спосаб катаваць чалавека. Пашыраныя віды гвалту – псіхалагічны і эканамічны ўціск. Да псіхалагічнага гвалту найчасцей адносяць абразы, пагрозы, здзекі. Эканамічныя абмежаванні грунтуюцца на пазбаўленні доступу да сямейнага бюджэту і магчымасці ім вольна карыстацца. Праз юрыдычныя і традыцыяналісцкія прычыны ўчастковыя не ўспрымуць сур’ёзна і заяву жонкі пра згвалтаванне ўласным мужам.

«Такія дзеянні разглядаюцца грамадскасцю як прыватная сямейная справа: «мілыя сварацца – толькі цешацца», – каментуе «Белсату» старшыня арганізацыі «Гендарныя перспектывы» Ірына Альхоўка. Экспертка перакананая, што прыняцце адмысловага заканадаўства мае палітычнае значэнне і закліканае змяніць стаўленне грамадства да праблемы сямейнага гвалту: «Большасць юрыстаў мяркуе, што існай заканадаўчай базы для змагання з хатнім гвалтам дастаткова. Але чаму гвалт з незнаёмай жанчыны крымінальна караецца, а згвалтаванне ўласнай жонкі злачынствам не лічыцца?..».

Агрэсары паводле занятасці, %. Крыніца: гарачая лінія арганізацыі «Гендарныя перспектывы»Агрэсары паводле занятасці, %. Крыніца: гарачая лінія арганізацыі «Гендарныя перспектывы»Б’юць не толькі алкаголікі

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, даходзяць да хатняга гвалту не толькі пад уздзеяннем алкаголю. Як падлічылі працаўнікі гарачай лініі для пацярпелых, прыкладна ў палове выпадкаў лютуюць сацыяльна паспяховыя грамадзяне, працаўладкаваныя і законапаслухмяныя людзі.

Псіхалогія ахвяры

Хатнія дыктатары не мелі б развязаных рук, каб жанчыны былі больш цвёрдыя ў самаабароне. Аднак сітуацыя сацыяльнага запрыгоньвання жанчыны змушае яе вінаваціць толькі сябе ў тым, што наклікала на сябе лютасць апрысклівага сужэнца. Кажа кіраўнічка гарачай лініі Анастасія Фалейчык: «У нашым грамадстве прынята, што мужчына адказны за сацыяльныя сувязі, а жанчына – за мікраклімат у сям’і. Для яе распавесці пра збіццё – значыць прызнацца, што яна не захавала сямейны дабрабыт».

Адсотак рэспандэнтаў 15–49 гадоў, згодных, што мужчына можа біць сваю жанчыну. Белстат.Адсотак рэспандэнтаў 15–49 гадоў, згодных, што мужчына можа біць сваю жанчыну. Белстат.Адмыслоўца патлумачыла «Белсату», што ў Беларусі ўсё яшчэ жыве прывідная ўпэўненасць, быццам гвалт практыкуецца ўва ўсіх сем’ях. Больш за тое, кабету спыняе ад пошуку выйсця крыж «жаночай ахвярнасці», страх за будучыню дзяцей і нават агрэсара-мужа.

А пэўная частка беларускага грамадства адкрыта прызнае, што мужчына мае права пабіць сваю жонку ці сужыцельку. Згодна з кластэрным абследаваннем Белстату, доля такіх людзей складае каля 4 %, прычым стаўленне вар’юецца ў залежнасці ад сямейнага стану рэспандэнта.

Куды звярнуцца, калі вы сталі ахвяраю хатняга гвалту?

У межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы ў пытаннях супрацьдзеяння хатняму гвалту ў Беларусі» рэалізуецца колькі няўрадавых установаў, карысць ад якіх відавочная ўжо цяпер.

Гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту – інфармацыйнае падтрыманне, прадастаўленне часовага прытулку, юрыдычная дапамога: 8-801-100-8-801.

ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын»: 8-033-603-20-32, інфармацыйны сайт http://ostanovinasilie.org/.

ГА «Радаслава», тэлефон даверу: 280-28-11.

Сястрынства ў гонар Еўфрасінні Полацкай – псіхалагічная і духоўная дапамога, прадастаўленне часовага прытулку: 8-029-151-95-22; 8-033-688-40-49.

ГА «Правінцыя» (Барысаў): 8-029-756-35-24.

ГА «Клуб справавых жанчын» (Берасце), e-mail: noviolence.brest@gmail.com.

ГА «Крыніца адраджэння» (Берасце) – юрыдычная дапамога: 8-033-378-37-93.

Неўзабаве праваслаўная арганізацыя ў справах падтрымання сям’і «Пакровы» з Бабруйску плануе адкрыць у горадзе прытулак для жанчын у крызісных сітуацыях: www.pokrova.by.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары