Міхаіл Касьянаў: Лукашэнка даў аплявуху Еўразвязу


Экс-прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў звязвае разгон Плошчы і рэпрэсіі супраць апазіцыі з магчымымі дамоўленасцямі паміж Лукашэнкам і Крамлём. “Для Лукашэнкі больш натуральна дамаўляцца з карупцыйным рэжымам Расейскай Федэрацыі, чым з дэмакратычнымі рэжымамі ў Еўразвязе”, – заявіў расейскі палітык у інтэрв’ю “Белсату”.

Міхаіл Касьянаў не выключае, што напярэдадні выбараў Лукашэнка атрымаў ад кіраўніцтва Расеі абяцанні паставах таннай нафты і таннага газу. Гэта і сталася фактарам хуткага заканчэння перадвыбарчай “лібералізацыі”. “Я думаю, былі дадзеныя нейкія абяцанкі з боку Расеі, бо так беспаваротна і насуперак чаканням і ўгаворам Еўразвязу пачаць дрэйф у пазітыўны бок адбыліся разгон і гвалтоўныя дзеянні супраць пратэстоўцаў. Гэта аплявуха Еўразвязу”, – заявіў Міхаіл Касьянаў. Візіт жа ў Маскву прэм’ера Беларусі Міхаіла Мясніковіча палітык тлумачыць тым, што цяпер Лукашэнка хоча ад Крамля выканання гэтых абяцанняў.

Кіраўнік Расейскага народна-дэмакратычнага саюзу таксама падкрэсліў, што Расея ўсё больш набліжаецца да Беларусі паводле сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека. “Таму і расейскі народ, і беларускі павінны ўрэшце сказаць сваё слова адносна таго, што адбываецца ў нашых краінах”, – падкрэсліў Міхаіл Касьянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў