Чаму не купляюць беларускае?


Прычыны таго, што беларускія тавары з цяжкасцю разыходзяцца з паліцаў крамаў, – у праблемах з якасцю тавараў і непатрыятычнасці беларускага насельніцтва, мяркуе эканаміст Аляксандр Сінкевіч.



Паводле адмыслоўца, вырабы айчынных вытворцаў не здольныя канкураваць перадусім паводле коштаў з кітайскаю электронікаю, тэкстыльнымі вырабамі ці прадуктамі харчавання з паўднёвых краінаў. Беларуская ежа горшая таксама за еўрапейскую, бо там укладаюцца вялікія інвестыцыі ў якасць.

{movie}Аляксандр Сінкевіч у “Гарачым каментары”|right|9241{/movie}

На думку адмыслоўца, няма неабходнасці ў Беларусі займацца прадукцыяй усіх прадуктаў і рэчаў запар, а варта шукаць варыянты ў сусветным падзеле працы. У краіне трэба падтрымліваць тыя сферы, якія зарэкамендавалі сябе ў якасці канкурэнтаздольных, – машынабудаўнічыя заводы, галіны сельскай гаспадаркі, – якія ствараюць сур’ёзны экспартны патэнцыял. Але галоўны націск, паводле Сінкевіча, неабходна рабіць на высокія тэхналогіі, што скіраваныя ў будучыню і могуць прыносіць добрыя прыбыткі нашай краіне праз экспарт ідэяў, а не тавараў.

Нашая эканоміка можа канкураваць на сусветным рынку, як гэта робяць еўрапейскія краіны, вельмі падобныя да Беларусі тэрыторыяй, насельніцтвам і колькасцю прыродных рэсурсаў. Аднак, заўважыў эканаміст, у Беларусі бракуе адпаведных тэхналогіяў кіравання: «Гэта нармалёвая практыка, калі людзі імкнуцца купляць сваё. У Амерыцы ёсць лозунг: «Купляй мясцовае – купляй свежае». Людзі імкнуцца падтрымаць сваіх землякоў, але нашая дзяржава сваймі дырэктывамі знішчае энтузіязм у людзей. З аднаго боку змагаецца з ідэалагічным нацыяналізмам, з ідэйным патрыятызмам, а ў той жа час прапаноўвае эканамічны патрыятызм на ўзроўні Беларусі».

Эканамічны патрыятызм на ўзроўні абласцей, калі распачынаюцца гандлёвыя войны паміж беларускімі рэгіёнамі, выклікае таксама жорсткую рэакцыю з боку цэнтральных уладаў. «Спачатку мусіць выхоўвацца шматузроўневая моцная ідэнтычнасць, то бок паляшук ці палачанін, потым беларус, потым еўрапеец і г. д.», – падкрэсліў спадар Сінкевіч.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў