Ірына Халіп: Расказы аб тым, што я свабодная, — гэта бязглуздзіца


“Проста смешна назіраць, як дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу з-за выпадкова кінутых слоў Лукашэнкі пачынаюць выглядаць бездапаможнымі першакласнікамі, якія спрабуюць апраўдаць чужую хлусню” — заявіла журналістка Ірына Халіп.

Нагадаем, Генеральны пракурорАляксей Стук заявіў, што прыгавор Халіп, якая асуджана на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, не ўтрымлівае прамой забароны на выезд за мяжу. Ён рэкамендаваў журналістцы звярнуцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Менска, якая ажыццяўляе за ёю прафілактычнае назіранне, “з заявай, якую Халіп хацела б выкласці”. “Начальнік інспекцыі разгледзіць яе і прыме законнае рашэнне“, — сказаў намеснік генпракурора.

“Парада звярнуцца ў інспекцыю — гэта лухта, — сцвярджае Халіп. — Яшчэ ў кастрычніку 2012 года пасля першай заявы Лукашэнкі ў інтэрв’ю газеце “The Independent” аб тым, што я магу ехаць куды заўгодна, у Менск прыязджаў галоўны рэдактар “Новой газеты” Дзмітрый Муратаў. Разам са мной ён хадзіў у інспекцыю, і яму тады начальніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі Наталля Каляда падрабязна растлумачыла, што мне катэгарычна забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь“.

Журналістка таксама падкрэсліла: “Стук забыў згадаць галоўнае — ёсць закон аб выездзе з Беларусі, у адпаведнасці з якім усе асобы, асуджаныя ўмоўна або з адтэрміноўкай выканання прыгавору, аўтаматычна ўносяцца ў спіс асоб, якім забаронены выезд з краіны. Аб гэтым не гаворыцца ў прыгаворах судоў, таму што гэта дзейнічае самастойная норма закона. Так што расказы аб тым, што я свабодная, — гэта бязглуздзіца”.

Пры гэтым яна не выключыла, што ў наступны панядзелак, калі пойдзе ў чарговы раз адзначацца ў інспекцыі, пакіне “такую заяву, як параіў Стук”.

М.Л., паводле БелаПАН

Стужка навінаў