Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы». Аб гэтым паведамляе дзяржаўнаая інфармацыйная агенцыя БелТА. Змяненні прадугледжваюць абмежаванне распаўсюду статыстычных дадзеных.
Паведамляецца, што дэпутаты заняліся «удасканаленнем нормаў закону ад 28 лістапада 2004 года »Аб дзяржаўнай статыстыцы« з улікам практыкі яго прымянення, міжнародных стандартаў у галіне статыстыкі, на скарачэнне затрат дзяржавы на статыстычную вытворчасць, зніжэнне выдаткаў рэспандэнтаў на складанне статыстыкі».
Законапраектам прадугледжана «магчымасць абмяжоўваць распаўсюджванне статыстычных даных пры пагрозе прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы краіны ў выпадку іх распаўсюджвання». Апроч таго, актуалізаваны прынцып канфідэнцыйнасці першасных статыстычных даных.
Устаноўлены пераход у электронны фармат прадстаўлення рэспандэнтамі першасных статыстычных даных. Замацоўваецца права рэспандэнтаў на перадачу паўнамоцтваў па складанні і прадстаўленні статыстычных даных на аўтсорсінг арганізацыі, зарэгістраванай у Беларусі.
Законапраект прадугледжвае таксама актуалізацыю правоў органаў дзяржаўнай статыстыкі (доступ, уключаючы выдалены) да інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўных органаў і выкарыстанне дадзеных з іх, у тым ліку з абмежавальным грыфам, права патрабаваць ад рэспандэнтаў растлумачэнні ў выпадку выяўлення скажэння дадзеных.
Антон Тачняк belsat.eu