У Вярхоўным судзе ў Менску 20 верасня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі ўжо двойчы асуджанай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Пра гэта паведаміў яе муж, журналіст Ігар Ільяш.
Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Разам з журналісткаю Дар’яй Чульцовай яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Сёлета Кацярыне выставілі новае абвінавачанне – у здрадзе дзяржаве. 13 ліпеня Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму паводле сфабрыкаванага абвінавачання.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзеяў паўстала гэтая справа, дасюль невядома. У судзе было заяўлена, што Кацярыну прызналі віннай «у перадачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».
Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў той жа дзень, калі журналістцы агучылі другі прысуд, апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook зварот, у якім заклікаў Еўразвяз прыняць праваабарончы санкцыйны акт «За Кацярыну Андрэеву».
Алена Рувіна belsat.eu