Як паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», увечары 11 ліпеня на вайсковы аэрадром у Мачулішчах зноў прыляцеў бізнес-джэт кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына.
Самалёт «Embraer Legacy 600» (рэгістрацыйны нумар RA-02795) прызямліўся ў Беларусі а 19:40. Пра вылет назад у Расею пакуль не паведамляецца.
Гэта ўжо трэці раз за апошні час, калі борт Прыгожына прылятае ў Беларусь. Папярэднія разы ён прызямляўся ў Мачулішчах 27 чэрвеня і 1 ліпеня.
Хто прылятае на бізнэс-джэце Прыгожына – невядома. Вагнэраўцы, якія павінны былі прыйсці ў Беларусь, пакуль у нашай краіне не з’явіліся.
У канцы чэрвеня стала вядома, што каля Асіповічаў пачалі аднаўляць закінутае вайсковае мястэчка і ставіць там намёты – гарадок рыхтаваўся для наймітаў ПВК Вагнэра. Гэта стала адбывацца пасля таго, як абвесцілі пра перамяшчэнне вагнэраўцаў у Беларусь.
Нагадаем: пасля мяцяжу ПВК Вагнэра, які пачаўся ўвечары 23 чэрвеня, Пуцін прапанаваў наймітам пераехаць у Беларусь. Гэта здарылася пасля дамоўленасцяў з Лукашэнкам, які нібыта тады вёў з кіраўніком вагнэраўцаў Яўгеніем Прыгожыным перамовы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu