Памёр былы прэм'ер Італіі Сільвіё Бэрлюсконі


У шпіталі Мілану 12 чэрвеня ад лейкеміі памёр 50-ы прэм’ер-міністр Італіі і адзін з самых багатых бізнесоўцаў краіны Сільвіё Бэрлюсконі, паведамляе італьянскае выданне «Corriere della Sera». Бэрлюсконі было 86 гадоў.

Сільвіё Бэрлюсконі.
Фота: Nicola Marfisi / AGF / SIPA / East News

Палітык быў шпіталізаваны ў мінулую пятніцу. Ён хварэў на лейкемію. Некалькі тыдняў таму ён ужо трапляў у шпіталь з пнеўманіяй і правёў там 45 дзён.

Сільвіё Бэрлюсконі тройчы займаў пасаду прэм’ер-міністра Італіі: у 1994–1995, 2001–2006 і 2008–2011 гадах, а з кастрычніка 2022 года зрабіўся італьянскім сенатарам. Ён быў першым мультымільярдэрам, які ўзначаліў урад еўрапейскай дзяржавы.

Бэрлюсконі – адзін з найбагацейшых людзей Італіі, страхавы магнат і ўласнік банкаў. Таксама ён быў адным з самых багатых медыямагнатаў у Італіі, уладальнікам кантрольнага пакету акцыяў медыяхолдынгу «Fininvest» – аднаго з найбуйнейшых у свеце. Апроч гэтага, Бэрлюсконі быў уладальнікам футбольнага клубу «Мілан» з 1986 да 2017 года. Палітык неаднаразова быў удзельнікам карупцыйных і секс-скандалаў.

Нягледзячы на сталы ўзрост і праблемы са здароўем, Бэрлюсконі да апошняга быў актыўным палітыкам і ўзначальваў партыю «Наперад, Італія» («Forza Italia»).

Сільвіё Бэрлюсконі шмат гадоў падтрымліваў блізкія стасункі з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і нават называў сябе ягоным сябрам. Бэрлюсконі адкрыта прызнаваў Крым часткай Расеі і ў верасні 2015 года нават лётаў на акупаваны паўвостраў для асабістай сустрэчы з Пуціным, пасля чаго СБУ забараніла палітыку ўезд ва Украіну тэрмінам на тры гады.

Аднак пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну былы прэм’ер-міністр Італіі заявіў, што «расчараваны» ва Уладзіміры Пуціне:

«Я не магу і не хачу хаваць, што я глыбока расчараваны і засмучаны паводзінамі Уладзіміра Пуціна… Расея не можа адмаўляць сваёй адказнасці перад абліччам жаху масавых забойстваў мірных жыхароў у Бучы і іншых населеных пунктах Украіны».

Таксама Бэрлюсконі падтрымліваў сувязі з Лукашэнкам і ў 2009 годзе наведаў Менск, дзе сустрэўся з ім.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў