Сям’і палітвязня Паўла Белавуса за паўдня сабралі € 18 000. Але дапамога трэба яшчэ шмат каму


Заснавальніку крамы «Symbal.by» Паўлу Белавусу 11 траўня прысудзілі 13 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Фонд «BYSOL» у той жа дзень абвясціў збор сродкаў на падтрыманне сям’і палітвязня. 

Павел Белавус.
Фота: Belsat.eu

Станам на ранак 12 траўня для сям’і Паўла Белавуса сабралі € 18 000 (неабходна было € 15 000: жонка зняволенага мае гадаваць двух дзяцей і аплаціць паслугі адваката, а ў сям’і канфіскавалі частку бытавой тэхнікі і апісалі ўсю маёмасць у доме).

Неабходную суму сабралі за 10 гадзінаў. Але, падкрэсліў кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак, збор працягваецца.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская тым часам заклікала падтрымаць і іншыя зборы для палітзняволеных і іхных сем’яў: яна нагадала, што толькі паводле праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі каля 1500 палітвязняў, многія застаюцца без статусу палітвязня, бо баяцца ціску ў турмах і на сваякоў, а яшчэ звыш 700 палітвязняў выйшлі на волю і таксама маюць патрэбу ў падтрыманні.

Ціханоўская нагадала, што 28 сакавіка затрымалі Арцёма Лябедзьку – сына ейнага паплечніка Анатоля Лябедзькі. Удома Арцёма чакае малая дачка. Ціханоўская заклікала ўявіць, колькі ў Беларусі такіх сем’яў, дзе бацькі не бачаць дзяцей, а дзеці – бацькоў. Яна дала спасылкі на збор праекту «Палітвязынка» для жанчын у следчых ізалятарах і на «хіміі», на збор для былых палітвязняў і на збор для герояў перадачы «Беларус беларусу», што выходзіць на «Белсаце».

«Гэта тысячы чалавечых лёсаў – зламаных ці скалечаных, – піша Ціханоўская. – І ўсе яны разлічваюць на нашую дапамогу і салідарнасць. Вераць у тое, што яны не адны. А мы з вамі не можам іх падвесці. Мы павінны паказаць ім і ўсяму свету: нам не ўсё роўна».

Таксама Ціханоўская заклікала далучацца да акцыяў на Дзень салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня, выходзіць на акцыі, пісаць зняволеным лісты і збіраць перадачы.

Разбор
Як «палітычным» шукаць адваката ў Беларусі?
2023.05.12 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў