Затрыманага ў Беларусі расейца Аляксея Маскалёва, якога асудзілі за малюнак дачкі, экстрадавалі ў РФ


Расейца Аляксея Маскалёва, якога на радзіме судзілі за «дыскрэдытацыю арміі», экстрадавалі з Беларусі назад у РФ. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ОВД-Инфо» са спасылкаю на адваката Маскалёва.

Аляксей Маскалёў.
Фота: sotaproject / Telegram

Паведамляецца, што адвакат Аляксея Маскалёва раніцай 12 красавіка спрабаваў трапіць да свайго падабароннага ў СІЗА Жодзіна, аднак мужчыны там ужо не было.

Нагадаем, 28 сакавіка Аляксея Маскалёва прысудзілі да двух гадоў калоніі ў справе аб «дыскрэдытацыі расейскай арміі». Мужчына на судзе не прысутнічаў. Да суда ён быў пад хатнім арыштам, а раніцай 28 сакавіка ўцёк. Уначы з 29 на 30 сакавіка яго затрымалі беларускія сілавікі на кватэры ў Менску. Імаверна, яго знайшлі паводле ўключанага тэлефона.

Справа супраць Аляксея Маскалёва была заведзеная пасля таго, як ягоная 13-гадовая дачка Марыя намалявала антываенны плакат з выяваю жанчыны з дзіцём, сцягамі Украіны і Расеі ды ракетамі, што ляцяць ва ўкраінскі бок. Настаўніца Машы расказала пра плакат дырэктарцы школы, тая звярнулася ў паліцыю. У кватэры Маскалёвых адбыўся ператрус.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў