У судзе Чыгуначнага раёну Гомля 12 красавіка распачаўся разгляд справы вядомай мясцовай актывісткі – 54-гадовай Таццяны Канеўскай. Жанчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых закалотах (ч. 2 арт. 293 КК РБ), ёй пагражае да васьмі гадоў турмы. На леташніх прэзідэнцкіх выбарах Таццяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. У 2019 годзе ўдзельнічала як кандыдатка ў парламенцкіх выбарах. З 2016 года – адна з самых заўважных актывістак Матчынага руху 328. Карэспандэнты «Белсату» сустрэліся з сям’ёй Таццяны напярэдадні суда.
Канеўскія прызначаюць нам сустрэчу падчас абедзеннага перапынку на прадпрыемстве па вырабе камінаў. Старэйшы сын Таццяны Канеўскай, 36-гадовы Аляксандр, працуе тут разам з братам і бацькам. Фірма вядомая, кажа Аляксандр, прадукцыя разыходзіцца па ўсім свеце. Мужчына – слесар, на прадпрыемстве з 2020 года. Крыху раней уладкаваўся малодшы брат Аляксей (31 год), які працуе на лазарных станках. Бацьку – спадару Мікалаю – 61 год, ён токар са шматгадовым стажам.
– Я не бачыўся з Таццянай са жніўня, толькі напярэдадні суда, 10 красавіка, далі спатканне, – пачынае размову пра жонку спадар Мікалай Канеўскі. – Сувязь толькі праз лісты. Яна пісала, што ўмовы прымальныя, скардзіцца няма на што, улічваючы, што гэта за месца, і што сукамернікі з ёй сядзяць нармальныя, што добрыя людзі ёсць паўсюль. Пытаецца ў лістах, як у нас справы, як нашае здароўе, што новага ў нас.
– Маму затрымлівалі за арганізацыю масавых закалотаў, а яна пісала нам, што праходзіць таксама ў справах Ціханоўскага, датычных перыяду, калі ён яшчэ не абвесціў, што збіраецца на прэзідэнта, а толькі ездзіў па рэгіёнах і здымаў ролікі, – працягвае за бацькам Аляксей.
Аляксандр дадае, што спадарыня Таццяна пазнаёмілася з Сяргеем Ціханоўскім у час сваёй актыўнай дзейнасці ў межах Матчынага руху 328. Далучылася да ініцыятывы, калі ў 2016 годзе Аляксандра асудзілі за наркотыкі на восем гадоў.
– Мяне тады судзілі спачатку па трэцяй частцы, потым па другой (збыт наркатычных рэчываў. – Рэд.), – узгадвае Аляксандр. – Усё неяк па дурасці выйшла, вырашыў тады набыць для сябе. А ў выніку асудзілі на восем гадоў і адзін месяц. Мама адразу ж пачала актыўна выказваць сваю пазіцыю, што лічыць прысуд жорсткім і несправядлівым, стала шумець не толькі ў межах нашай краіны, ездзіла з аднадумцамі паўсюль.
Таццяна Канеўская была ініцыятаркаю галадавання маці-328 у 2019 годзе. Жанчыны хацелі дамагчыся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб данесці да яго сваю пазіцыю, але паразмаўляць атрымалася толькі з Наталляй Качанавай. Маці дамагліся змянення заканадаўства, у выніку чаго справу Аляксандра Канеўскага перагледзелі і тэрмін пакарання зменшылі спачатку да пяці гадоў, а потым – да трох. Ужо ў снежні 2019-га Аляксандр быў на волі.
Барацьба за сына каштавала спадарыні Таццяне здароўя. Пасля двухтыднёвай галадоўкі жанчына трапіла ў шпіталь, дзе ёй выдалілі жоўцевы пузыр. Акрамя таго, кажа Аляксей, у маці праблемы з сэрцам і неўралагічныя хваробы.
Сыны разам з мамай далучыліся да палітычнай дзейнасці. На парламенцкіх выбарах 2019 года, у якіх спадарыня Таццяна ўдзельнічала як кандыдатка, Аляксей быў назіральнікам.
– Тады я пабачыў усе гэтыя фальсіфікацыі, як стосы, якія яны складвалі, не адпавядалі нашым лічбам, – прыгадвае мужчына. – А ў 2020 годзе амаль уся нашая сям’я пайшла ў назіральнікі, у тым ліку і мая жонка. Чаму пайшлі? Хацеў не дазволіць ім хлусіць. Мы зразумелі, што тым, хто стаіць у стырна нашай краіны, а таксама гораду і вобласці, усё роўна, як жыве звычайны народ. Гэта і штурхае ісці ў палітыку.
– А мы і ёсць звычайны народ. Я – звычайны народ, – падхоплівае Аляксандр. – Я – слесар. Мне не патрэбная ўлада, я гатовы працаваць слесарам усё жыццё. Але я адчуў на сабе ўсю несправядлівасць выбудаванай у нас сістэмы. Я не бачыў гэтага да таго, што са мной адбылося. Так, мо і была нейкая незадаволенасць, але збольшага мяне нічога не датычыла. А цяпер я гатовы да дзеянняў. Таму летась таксама пайшоў назіральнікам.
Таццяну Канеўскую затрымалі яшчэ да выбараў, 7 жніўня. Спачатку абвінавацілі паводле адміністратыўнай справы. 10 жніўня ў зале суда жанчыну адпусцілі. Са словаў сыноў, Таццяна пайшла ў канвойны аўтамабіль па рэчы і не вярнулася. Яе зноў затрымалі. Сыны паехалі шукаць маці. Ля ІЧУ забралі і іх.
– Мы стаялі каля сваёй машыны побач з ізалятарам. Пад’ехалі дзве машыны, з іх выйшлі восем супрацоўнікаў з пісталетамі, у масках і да нас – маўляў, вы затрыманыя, – распавядае Аляксей. – Напісалі нам, што мы спраўлялі патрэбу ля ІЧУ.
Аляксандру суд прызначыў 15 содняў, Аляксею – менш, 14, бо ягонаму дзіцяці толькі год. У жніўні браты адседзелі па трое содняў, а пазней іх забралі даседжваць тэрмін.
22 верасня Аляксандра яшчэ раз затрымалі і абвінавацілі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – нібыта ён збіў супрацоўніцу міліцыі. Але супрацоўніца сказала, што не пазнае яго, таму з мужчыны знялі абвінавачванні, хоць справа пакуль не закрытая.
У студзені 2021 года за краты трапіў меншы брат Аляксандра і Аляксея – 26-гадовы Дзмітрый. Яго трымаюць у тым жа СІЗА ў Гомлі, што і маці. Маладзёна абвінавачваюць ў распальванні нацыянальнай і сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК РБ).– Дзіма напярэдадні Новага года патэлефанаваў свайму саслужыўцу, каб павіншаваць яго з днём народзінаў, а бацька таго хлопца адказаў: Антона няма, яго забілі на мітынгу, – распавядае Аляксандр. – Не ведаю падрабязнасцяў, але брат тады на моцных эмоцыях напісаў у адным з чатаў усё, што ён думае. Адтуль ужо і выхапілі фразы для абвінавачання. У Дзімы дома дзіця – паўтара года.
Самы малодшы сын Таццяны і Мікалая Канеўскіх, Георгій, – яшчэ школьнік. Яму 12 гадоў, вучыцца ў сёмым класе.
– Ён вельмі пасталеў за гэты час, – кажа Аляксандр пра Георгія. – Па ім нават і не скажаш, што яму ўсяго дванаццаць. Увесь час стараецца сябе нечым заняць. Стаў добра вучыцца. Адзнакі за трэцюю чвэрць проста здзівілі: ніжэй за 7 няма, хоць раней мама з ім урокі рабіла. Увогуле, на маме быў увесь дом: мыццё, гатаванне, а яшчэ ў нас удома каты, сабакі.
Пасля затрымання Таццяны сям’ёй зацікавіліся органы апекі. Аляксей кажа, прыходзілі, пыталіся, хто глядзіць за дзіцем.
– Дома тады былі мы з жонкай. У нас чыста, цёпла, усім хапае пакояў, ніхто не п’е, заўсёды поўная лядоўня. Таму адчапіліся, – распавядае Аляксей.
Канеўскія ўжо больш за паўгода спрабуюць наладзіць жыццё без маці і жонкі.
– Маральна вельмі цяжка, спрабуем спраўляцца з новай жыццёвай сітуацыяй, – кажа спадар Мікалай. – Балюча, калі ад цябе адрываюць чалавека, з якім ты пражыў усё жыццё, і трымаюць у няволі проста так, ні за што.
Муж палітзняволенай падкрэслівае, што жонку затрымалі якраз у дзень, калі іхняй сям’і споўнілася 37 гадоў – Канеўскія ажаніліся 7 жніўня 1983 года.
Спадар Мікалай з сынамі спадзяюцца, што Таццяна хутка будзе дома, але на справядлівы прысуд на разлічваюць.
– Сумленнага суда я дакладна не чакаю. У нас такіх няма, – кажа Аляксандр. – Але я ўпэўнены, што хутка змены будуць. Ужо адбылося тое, пра што казалі як пра немагчымае: людзі прачнуліся, і ўжо не атрымаецца заткнуць народ. Людзі будуць выходзіць, бо ім надакучыла тое, што навокал робіцца.
Аляксей спадзяецца, што справядлівасць некалі прыйдзе – калі не ў Беларусі, дык сусветная.
– Нашая мама ў палоне, яна цяпер – нявольніца гэтай улады, – кажа мужчына. – Але мы ведаем, што яна вытрымае ўсё. Яна такі чалавек, энергіі і жыццярадаснасці якога хопіць на ўсіх, сваёй моцай яна яшчэ і падзяліцца можа, нават там, за кратамі.
Ганна Ганчар belsat.eu