Штраф Br 4,5 млн за фота Бяляцкага


Суд Ленінскага раёну ў Горадні разгледзеў адміністратыўную справу супраць гарадзенскіх грамадскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. За тое, што тыя на знак падтрымання сфатаграфаваліся з партрэтам палітвязня Алеся Бяляцкага, а пазней вывесілі ў здымкі ў сеціве, суд прысудзіў ім штрафы на агульную суму Br 4,5 млн. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт “Гарадзенская вясна”.

10 снежня, на Дзень Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, гарадзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся з партрэтамі Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам Дэкларацыі. Пазней гарадзенская міліцыя гэты факт кваліфікавала як “несанкцыянаваны пікет” – 18 снежня склалі пратаколы апытання, а 19-га актывістаў азнаёмілі з пратаколамі пра нібыта адміністратыўнае правапарушэнне, паведамляе “Гарадзенская вясна”.

Судовае паседжанне вёў суддзя Віталь Ляцко. Ён пастанавіў аштрафаваць салідарных з палітвязнем: кожны мусіць заплаціць 15 базавых велічыняў.

Паводле гарадзенскіх праваабаронцаў, у судзе не было пададзена ніякіх доказаў віны праваабаронцаў. Не знайшлі і сведак: усё абвінавачанне грунтавалася выключна на рапартах і домыслах праваахоўнікаў.

Паводле http://harodniaspring.org

Стужка навінаў