Беларусы сталі масава падрабляць дакументы, каб атрымаць крэдыт


Адзін з распаўсюджаных спосабаў – напісаць у анкеце замест тэлефона працадаўцы нумар знаёмага, які распавядзе банку гісторыю, прыдуманую атрымальнікам крэдыту.

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, за 2012 год выявілі больш за 400 злачынстваў у банкаўскай сістэме, з іх 90 % – у сегменце крэдытавання. Праваахоўнікі падкрэсліваюць, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць сапраўднай сітуацыі. Банкі хаваюць непрыемныя гісторыі, каб не сапсаваць сабе іміджу.

Баяцца спудзіць кліентаў

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС, летась у банкі болей за 120 разоў падавалі падробныя дакументы. Ва ўсіх гэтых выпадках распачалі крымінальныя справы. Яшчэ некалькі гадоў таму такія факты былі адзінкавымі.

Каб даведацца, ці рэгулярна кліент плаціць падаткі ды ці мае нейкія запазычанасці, банкі могуць звярнуцца з афіцыйным запытам да праваахоўнікаў. Але апошнія маюць даваць інфармацыю толькі са згоды кліента, таму, каб яго не спудзіць, банкі рэдка карыстаюцца такой магчымасцю. “Выдаванне банкамі пазык за некалькі гадзінаў – сусветная практыка, і адмова ад яе, зразумела, прывядзе да памяншэння колькасці кліентаў”, – адзначаюць у МУС.

У Беларусі ўсё пра ўсіх можна прачытаць он-лайн

У той жа час, паводле інфармацыі Нацбанку, ва ўсе банкі краіны ў он-лайн-рэжыме падаюцца справаздачы з Крэдытнага рэгістру, дзе ў гісторыі кліента ёсць звесткі пра падпісаныя ўгоды ды іх выкананне, пратэрмінаваныя плацяжы за паслугі ЖКГ і сувязі, набытыя ў крэдыт або растэрмінаванне тавары. Карыстацца базаю можна з ліпеня 2012 года.

Ёсць і іншыя адкрытыя крыніцы, дзе можна пераправерыць указаную ў анкеце інфармацыю. Да прыкладу, праз даведачную службу няцяжка высветліць нумар тэлефона аддзелу кадраў або прыёмнай арганізацыі ды пераканацца ў тым, што прэтэндэнт на атрыманне крэдыту сапраўды працуе ў заяўленай фірме. “Такім чынам будзе выключаная сітуацыя, калі спецыяліст банку нібыта тэлефануе на прадпрыемства на нумар, пазначаны ў анкеце, а насамрэч трапляе на суўдзельніка кліента, які пацвярджае фіктыўныя звесткі”, – растлумачылі ў міліцыі.

Магчымасцяў атрымання дакладнай інфармацыі пра кліента дастаткова. Аднак колькасць злачынстваў у галіне толькі расце. Гэтак, у 2009 годзе органы ўнутраных справаў распачалі 101 крымінальную справу, у 2010-м – 200, а ў 2011-м – ужо 412. У поле зроку аператыўнікаў траплялі пераважна крэдытаатрымальнікі, а таксама банкаўскія работнікі, якія прымалі неабгрунтаваныя рашэнні аб вылучэнні крэдытаў.

Паводле БелТА

Стужка навінаў