КДБ: Паведамленні пра дэвальвацыю рассылалі замежныя хакеры


Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі распаўсюдзіў 4 студзеня паведамленне пра хакерскую атаку на мабільных аператараў МТС і Velcom.

Як адзначылі ў цэнтры інфармацыі ды грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ, каля тысячы абанентаў згаданых мабільных аператаў у краіне атрымалі паведамленні пра тое, што нібыта з 8 студзеня 2013 года курс долара ЗША вырасце да Br 14 340, a курс еўра – да Br 18 116. Хакеры быццам падмянілі нумар сапраўднага адпраўніка нумарам, які належыць Нацыянальнаму банку Беларусі.

Далей КДБ сцвярджае, што сэрвер, з якога рассылалі паведамленні, месціцца ў Індыі. А пра тое, што адпраўнікі – замежнікі, сведчыць іхнае няведанне грашовых адзінак. У Беларусі няма банкнотаў наміналам Br 6.

Нагадаем, 4 студзеня ў «Фэйсбуку» выклалі фотаздымак SMS-паведамлення, нібыта адпраўленага з гарадскога тэлефоннага нумара кол-цэнтру Нацыянальнага банку. З дакументу вынікае, што кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова падпісала дакумент, адрасаваны абласным упраўленням Нацыянальнага банку і «Беларусбанку», згодна з якім 8 студзеня курс долара ўсталёўваецца на ўзроўні Br 14 340, еўра – Br 18 116. У Нацбанку зняпраўдзілі гэтую інфармацыю.

Прэс-сакратар Нацыянальнага банку Аляксандр Цімашэнка згадаў, што год таму аналагічнае паведамленне распаўсюджвалася пасля закрытай нарады ў Ермаковай: «Нібыта была нарада, прынялі сакрэтнае рашэнне аб павышэнні курсу да Br 15 тыс. Але гэтага не адбылося і адбыцца не магло».

5 студзеня курс долара, усталяваны Нацыянальным банкам, вырасце на Br 60 у параўнанні з сённяшнім і складзе Br 8 630.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў