Лукашэнка: Працуйце так, як падчас вайны


«Вы павінны працаваць, як у ваенны час. Я вам даў выразны сігнал, больш за тое, узяў на сябе вялікую адказнасць, падпісаўшы адпаведны дэкрэт, за што мяне малоцяць, пачынаючы ад Амерыкі і заканчваючы Расеяй. Таму я нікому не дарую. Працаваць вы павінны дзень і ноч».

Гэта выказванне Аляксандра Лукашэнкі падчас сённяшняга візіту на ААТ «Віцебскдрэў». Яму паведамілі, што тэрміны рэалізацыі інвестпраекту праваліліся праз будаўнікоў, якія не забяспечылі належных тэмпаў працы. Ён патрабаваў жорстка выконваць тэрміны мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Прэзідэнту паказалі, як паўстае новы цэх і прадэманстравалі сучаснае тэхналагічнае абсталяванне.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўна выкарыстоўваць пустыя плошчы пад дрэваапрацоўчыя лініі, на якіх будзе рабіцца высокаліквідная прадукцыя, запатрабаваная на замежных рынках.

Прэзідэнта запэўнілі, што асноўныя работы для стварэння новай вытворчасці ў ААТ «Віцебскдрэў» скончацца ў сярэдзіне 2013 г. Будаўніча-мантажныя работы, паводле губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца, плануецца закончыць ужо да 1 сакавіка.
У цэлым жа, паводле кіраўніцтва прадпрыемства, мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў будзе цалкам завершаная ў 2014–2015 гг.

belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў