МУС падключыцца да барацьбы супраць дэградацыі нацыі


Сродкамі супрацьдзеяння стануць гутаркі, спатканні ды бясплатнае кадаванне.{movie}Чыноўнік МУС: Будзе бясплатнае кадаванне|left|8053{/movie}

Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што беларусы ў сярэднім выпіваюць за год 13,3 л алкаголю. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, перавышэнне парогу спажывання алкаголю (8 л на душу насельніцтва) сведчыць пра дэградацыю нацыі.

Як паведаміў прадстаўнік МУС Алег Каразей, у Беларусі распрацавалі адмысловую праграму супрацьдзеяння: выступы ў школах і ў працоўных калектывах, гутаркі з дарослымі ды няпоўнагадовымі, папярэджванне безнагляднасці падлеткаў ды іншыя захады. Дзеці, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях у справах непаўналетніх, а таксама дзеці-сіроты і дзеці-інваліды змогуць бясплатна наведваць фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, сустракацца з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў ды іншых міжнародных спаборніцтваў.

Як паведаміў Каразей, у межах рэспубліканскай акцыі «Прафілактыка і ты!», якая пройдзе 14–15 снежня, медычныя ўстановы будуць бясплатна кадаваць грамадзянаў ад алкагольнай залежнасці.

Паводле прадстаўніка міністэрства, у краіне плануецца таксама ўзмацніць спагнанні за самагонаварэнне і нелегальны гандаль спіртным. Ён распавёў, што абмяркоўваецца магчымасць абмежаваць продаж алкаголю маладым людзям, якія не дасягнулі 21 года. Апроч таго, МУС мае намер заняцца праблемаю прыхаванай рэкламы.

«Вельмі часта на радыё рэкламуюць пітныя воды вядомых брэндаў, якія ўва ўсіх людзей асацыююцца з алкагольнымі вырабамі», – заўважыў Каразей.

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў