Былога палітвязня хацелі «прыплесці» да нападу на літоўскую амбасаду


У былога палітычнага зняволенага, актывіста міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Уладзіміра Яроменка ўзялі тлумачэнні ў справе аб нападзе на амбасаду Літвы ў Менску.

Яроменак, які стаіць на прэвентыўным уліку ў міліцыі, 29 лістапада прыйшоў адзначыцца ў Першамайскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў. Адтуль яго забралі працаўнікі крымінальнага вышуку Партызанскага раённага аддзелу міліцыі. У хлопца забралі тэлефон, але ён паспеў звязацца са сваім адвакатам. У чаканні размовы са следчым актывіст правёў у пастарунку некалькі гадзінаў. Сама гутарка з прадстаўніком праваахоўных органаў пра напад на літоўскую амбасаду доўжылася толькі 5 хвілінаў. У юнака толькі запыталі, дзе той быў 6 лістапада, і адпусцілі.

Недарэчнасць сітуацыі ў тым, адзначае прэс-служба «Маладога фронту», што падчас нападу на амбасаду Яроменак быў затрыманы за абліты валяр’янкаю помнік Леніну і сядзеў у Маскоўскім РУУСе.

Уладзімір Яроменак быў схоплены аховаю Дому ўраду на плошчы Незалежнасці ў Менску ўвечары 6 лістапада. Суд Маскоўскага раёну асудзіў яго на 15 дзён арышту за дробнае хуліганства.

Затрыманне маладафронтаўца адбылося за некалькі гадзінаў да нападу на літоўскую амбасаду. Паводле праваахоўных органаў, злачынства было здзейсненае 6 лістапада а 22:48. Двое невядомых кінулі бутэлькі з кактэйлем Молатава на тэрыторыю дыпламатычнай пляцоўкі Літвы ў Менску. Ёмістасці былі запаленыя, але агонь своечасова згасілі працаўнікі службы бяспекі амбасады. Не было нанесена ніякай шкоды, бо бутэлькі ўпалі на тратуарную плітку.

Уладзімір Яроменак у траўні 2011 г. быў асуджаны на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Праз тры месяцы пасля прысуду яго вызвалілі на падставе ўказу прэзідэнта аб памілаванні.

belsat.eu

Стужка навінаў