Збіты міліцыянтамі вартаўнік: Баюся, мяне некуды вывезуць або заб’юць


Васіль Сарочык кажа, што пераканаўся: міліцыя здольная на ўсё. На выпадак няшчаснага здарэння вартаўнік прыхаваў дакумент з прозвішчам службовай асобы, якая магла б за гэтым стаяць.

Мужчына распавёў, што на яго працягваецца моцны ціск з боку праваахоўных органаў. Паводле пацярпелага, за апошнія дні яму неаднойчы тэлефанавалі з розных структурных падраздзяленняў міліцыі Ленінскага раёну сталіцы, запрашаючы на допыт. Пасля чарговай адмовы з’явіцца, Сарочыку даставілі а 20:00 «апавяшчэнне» дадому і ўручылі ягонай жонцы. Ён заявіў, што ўсе візіты будзе ўзгадняць са сваім адвакатам.

Паводле вартаўніка, у міліцыю неаднаразова выклікалі і сваякоў пацярпелага для паказанняў адносна ягонай асобы і маральнага аблічча. Людзі, якія называюць сябе працаўнікамі Ленінскага РУУСу, прыходзяць да яго на працу на аўтастаянку.

{movie}Сарочык: Мяне могуць забіць або вывезці|right|7807{/movie}«Увесь час тэлефануюць кліентам, якія пакінулі свае аўтамабілі на стаянцы, тэрарызуюць іх», – дадаў Сарочык. Пацярпелы падазрае, што міліцыянты таксама праслухоўваюць ягоны тэлефон.

Вартаўнік паведаміў: у такой сітуацыі ён баіцца за сваё жыццё. «Пасля таго, што міліцыянты зрабілі са мною, ад іх можна чакаць усяго, чаго хочаш. Могуць мне па галаве даць ці вывезці некуды. Гэтага я толькі баюся», – падкрэсліў мужчына. На ўсялякі выпадак ён прыхаваў пэўны дакумент, які зможа праліць святло на сапраўдную прычыну «няшчаснага здарэння». «Розныя чуткі ходзяць: могуць ззаду наскочыць, спераду, нават забіць, але ў мяне ёсць на руках дакумент, дзе фігуруе адно прозвішча. Калі са мною нешта здарыцца, гэтая папера будзе ў карэспандэнтаў», – папярэдзіў пацярпелы.

«Раней я паважаў міліцыю, а пасля збіцця ў мяне з’явілася агіда да іх. Значыць, я не першы быў збіты, а можа, і не апошні. Мне нават гідка на іх глядзець», – з горыччу сказаў мужчына.

Вартаўнік паведаміў, што напісаў заяву ў пракуратуру, каб справу перадалі з Ленінскага РУУСу ў іншае раённае ўпраўленне сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў