Егіпет усё ж такі не ўвядзе візаў для беларусаў


Пра магчымасць увядзення егіпецкім бокам візавага рэжыму для жыхароў Беларусі паведамілі расейскія тураператары.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных запэўніў сёння, што егіпецкія ўлады не будуць змяняць візавых патрабаванняў да беларусаў. Паводле яго, інфармацыя атрымана з дыпламатычных каналаў.

Паводле Савіных, беларускім грамадзянам, якія прыбываюць у Егіпет з турыстычнымі мэтамі ды маюць аплачаны тур і забраняваны гатэль, віза можа быць выдадзеная непасрэдна ў аэрапортах гарадоў Хургада і Шарм-эш-Шэйх.

Візавае падтрыманне пасля прыбыцця грамадзяніна ў Егіпет мае аказаць турыстычная кампанія, прадстаўнік якой абавязкова мусіць сустрэць турыста ў аэрапорце і забяспечыць яго міграцыйнаю карткаю з пячаткаю туркампаніі, на падставе чаго можна аформіць візу ў аэрапорце.

Турыстычная кампанія адказвае таксама за пасадку турыстаў на рэйс без атрыманай загадзя егіпецкай візы.

У выпадку сумневаў наконт здольнасці турыстычнай кампаніі выканаць згаданыя патрабаванні падарожнікам рэкамендуецца загадзя аформіць візу для ўезду ў Егіпет у пасольстве Егіпту ў Расеі, зазначыў Савіных.

belsat.eu

Стужка навінаў