Гайдукевіч: Трэба пазбаўляцца ад іміджу, што беларусы – нацыя, якая п’е


Ліберальна-дэмакратычная партыя лічыць, што алкаголь і тытунь мусяць прадавацца толькі ў спецыялізаваных крамах. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі Алег Гайдукевіч.



“Мы будзем звяртацца ў Савет Міністраў, парламент, каб спіртное прадавалася толькі ў спецыялізаваных крамах”, – сказаў Гайдукевіч.

Палітык разумее, што з эканамічных прычынаў усюды адкрыць спецыялізаваныя крамы складана. У такой сітуацыі ён прапаноўвае ізаляваць аддзелы крамаў, у якіх прадаецца спіртное і тытунь, ад астатніх аддзелаў.

Дзеля папулярызацыі сваёй ідэі ЛДП гатовая правесці некалькі масавых акцыяў. “Нам трэба пазбаўляцца ад іміджу, што беларусы – нацыя, якая п’е”, – сказаў намеснік старшыні партыі.

Гайдукевіч таксама станоўча выказаўся наконт ініцыятывы Савету Міністраў спыніць вытворчасць і рэалізацыю пладова-ягадных ардынарных вінаў у Беларусі з 1 студзеня 2013 г.

{movie}Гайдукевіч: Трэба пазбаўляцца ад іміджу пітушчых|right|7726{/movie}Раней ЛДП вітала і цалкам падтрымала эксперымент, які планаваў ажыццявіць Менскі гарвыканкам, – аб забароне продажу пладовых мацаваных вінаў з 1 снежня 2012 г. да 1 лютага 2013 г. Аднак пасля крытыкі з боку Аляксандра Лукашэнкі, што прагучала 21 лістапада, прэс-служба Менгарвыканкаму паведаміла пра адмову ад такога эксперыменту.

15 лістапада на нарадзе ў пытанні рэфармавання Міністэрства ўнутраных справаў кіраўнік дзяржавы заявіў, што “гэтыя забароны нічога талковага не дадуць”. “Збярыцеся і сур’ёзна падумайце над тым, да чаго гэта можа прывесці. Забароннымі метадамі мы нічога не зробім”, – сказаў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў