Кшыштаф Зануссі: У Беларусі горш, чым у Сібіры


Славуты польскі рэжысёр даў эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату».

Якой паўстае Беларусь ў Вашых вачах?

Кшыштаф Зануссі: – Я наведваю Беларусь цягам некалькіх дзясяткаў гадоў досыць рэгулярна, таму стараюся не паддавацца схематычным уражанням. Палякі часта думаюць, што калі Беларусь адстае ў сваім эканамічным і палітычным развіцці, то гэта будзе відаць няўзброеным вокам. Тым не менш, на першы погляд гэтага зусім не відаць, а наадварот: Менск здзіўляе сваёй чысцінёю і добрым асвятленнем. Вуліцы, можа, выглядаюць крыху пуста, але горад дагледжаны. І толькі калі звярнуцца да мыслення людзей, то заўважна, што там існуе нейкі часавы разрыў. Гэта выяўляецца не на матэрыяльным узроўні, а ў ментальнасці, у думках.

«Белсат»: – У чым адметнасць беларускага грамадства?

Кшыштаф Зануссі: – Беларускае грамадства – гэта не сучаснае грамадства, якое ўсведамляе, што сіла – у людзях, а не ў чыноўніках, што не прэзідэнт прымае рашэнні, а ўлады, сапраўды выбраныя людзьмі. Няма ніякай неабходнасці дзякаваць камусьці за тое, што пабудавалі дарогі, бо гэта абавязак уладаў. За гэта мы ім плацім, гэтага ад іх чакаем, і ў дэмакратычнай краіне гэта такая самая служба, як і любая іншая. Беларусы думаюць інакш. Параўноўваючы Беларусь нават з Расеяй, з глыбокаю Сібір’ю, дзе прысутнасць грамадзянскае супольнасці заўважная, у Беларусі я гэтага яшчэ не адзначыў. Можна толькі чакаць, што з часам яна з’явіцца. Я лічу, што нельга будаваць сучаснасці без актыўнага ўдзелу грамадзянаў, бо гэта звычайна нікому не ўдаецца. Гэта гістарычная непазбежнасць.

{movie}Зануссі: Беларускае грамадства – несучаснае|right|7657{/movie}«Белсат»: – Беларусы наракаюць, што часта не маюць доступу да праўдзівай інфармацыі. У чым тут праблема, на Вашую думку?

Кшыштаф Зануссі: – Ніхто не можа наракаць, што не меў доступу да праўдзівай інфармацыі. У палякаў заўсёды быў доступ, нават у часе вайны, трэба толькі хацець. Першы абавязак кожнага грамадзяніна – шукаць праўдзівую інфармацыю. Калі грамадзянін дае рабіць з сябе дурня, калі чалавек дазваляе прапагандзе або нават нейкай дурнаватай рэкламе сябе ашукаць, то ён – несапраўдны грамадзянін. Гэта не праблема медыяў, што дрэнна інфармуюць, але гэта праблема грамадзянаў, якія паддаюцца павярхоўнай ці фальшывай інфармацыі. Доступ да праўды ёсць заўсёды.

«Белсат»: – Што трэба рабіць беларусам, якія імкнуцца атрымаць праўдзівую інфармацыю?

Кшыштаф Зануссі: – Сёння, у эпоху інтэрнэту, спадарожнікавага тэлебачання, чалавеку, які хоча даведацца пра нешта, каб прынамсі параўнаць факты, гэта вельмі лёгка зрабіць – доступ паўсюдны. І нельга апраўдвацца, што «я не ведаў». Калі ўсе ведалі, то чаму ты не ведаў? Трэба было пастарацца. Існуюць медыі, якія «глыбей уваходзяць» у праўду і праблемы пэўнай краіны. Спадзяюся, што «Белсат» – адзін з такіх каналаў, дзякуючы якому людзі могуць пазнаёміцца з рознымі поглядамі і меркаваннямі. Мы самі адказваем за тое, што глядзім, што слухаем і ў што верым.

belsat.eu

Стужка навінаў