Што зрабіць, каб жанчыны «выйшлі з кухняў»?


Чаму ў Беларусі так мала ўплывовых жанчын у палітыцы ды іншых сферах грамадскага жыцця? «Белсат» размаўляў са старшынёю Беларускай арганізацыі працоўных жанчын (БАПЖ) Ірынаю Жыхар і старшынёю Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы» Ірынай Альхоўкаю.

Беларусы занятыя элементарным выжываннем

Ірына Жыхар мяркуе, што жанчыны збольшага не бачаць аддачы ад грамадскай і палітычнай дзейнасці. «Любы чалавек – ці жанчына, ці мужчына – робіць унёскі туды, адкуль можа атрымаць нейкую выгоду. Не важна, што гэта будзе, грошы, прызнанне цi яшчэ што, але патрэбнае пэўнае вяртанне ўкладзенага. Я думаю, жанчына менавіта гэта ацэньвае. I не бачыць сёння для сябе выгоды ад удзелу ў палiтыцы», – мяркуе Ірына.

Беларусы цяпер занятыя элементарным выжываннем. «Калі людзі працуюць ці не на трох працах, грамадская дзейнасць, якая запатрабуе часу і ўласных сродкаў, стаецца непрывабнаю», – даводзіць экспертка.

Рашэнні прымаюць за нас

З аднаго боку, у нашай краіне грамадскаю дзейнасцю ўсё ж прасцей займацца, чымся палітыкаю. Аднак чыноўнікі – ды ўлады ўвогуле – не бачаць розніцы паміж грамадскім і палітычным жыццём: для іх усялякая актыўнасць ёсць палітычнаю.

«Мы атрымліваемся каструбаватымі, бо мы практычна выключаныя з грамадскага жыцця! Рашэнні, якія датычаць нас, прымаюцца без нашага ўдзелу. Калі не ўплываць на працэс прыняцця рашэнняў, дык увесь час будзем ездзіць па тым самым коле», – канстатуе Ірына Жыхар.

Для такой дзейнасці ў Беларусі трэба атрымаць своеасаблівы дазвол ад уладаў – давесці лаяльнасць да іх. У іншым выпадку і мужчыны і жанчыны роўныя перад палітычнымі перашкодамі.

«Я лічу, гендарныя праблемы сёння другасныя ў кантэксце таго, што абмежаваныя магчымасцi і для жанчыны, і для мужчыны. Не важна, хто ўзначальвае грамадскую арганізацыю: быць суб’ектам у «policy» ніхто не можа», – мяркуе Ірына Жыхар.

Агульнапрыняты патрыярхат

Паводле грамадскай дзяячкі, куды больш значнаю праблемаю ёсць псіхалагічная непадрыхтаванасць саміх жанчын пакінуць месца вечнай хатняй гаспадыні, нават калі дзеці ўжо дарослыя.

«Праблема з тым, як жанчына сябе ідэнтыфікуе. Напрыклад, калі анкалагічна хворым я кажу пра неабходнасць іншага падыходу да харчавання, дык у 9 з 10 выпадкаў жанчына адразу задае пытанне: я што, буду сабе гатаваць адно, а мужу й дзецям асобна? Пытаюся: няўжо яны самі сабе гатаваць не могуць? На мяне глядзяць, як на марсіянку… Жанчыны не звыклі, што могуць быць роўнымі з мужамі», – заўважыла Ірына Жыхар.



Жанчына ў СМІ – кухарка

З іншага боку, паводле старшыні Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы» Ірыны Альхоўкі, уплывовыя жанчыны ў Беларусі ёсць – але не заўсёды бачныя.

«Калі пра іх пішуць, дык гэта заўжды звязана з сямейнымі абавязкамі, кшталту «назавіце рэцэпт Вашага ўлюбёнага пірага (або баршчу)». Атрымліваецца, што ў палітыцы гэтая жанчына ледзь не выпадкова апынулася! А калі пішуць пра мужчыну, чамусьці вельмі рэдка там ёсць нешта пра ягоную сям’ю – хутчэй пра дасягненні ў прафесіі», – кажа спадарыня Альхоўка.

Іншае пытанне – мужчынская салідарнасць мацнейшая за жаночую. «Мужчыны з натуры схільныя дамаўляцца паміж сабою, а жанчыны – канкураваць. Часта жанчыны-палітыкі кажуць: «Я туды прабілася, але вы не ўяўляеце, як тут жанчыне цяжка працаваць». Быццам «я дасягнула – а вам не трэба!». А жанчыны, якія дасягаюць такіх пасадаў, заўжды прыцягваюць увагу – і тут зноў вяртаемся да таго, што пра іх пішуць», – разважае старшыня аб’яднання «Гендэрныя перспектывы».

Кіраваць і заставацца жанчынаю

Жанчын часта спыняе таксама тое, што чалавек на высокай пасадзе мае прымаць жорсткія рашэнні. «Шмат для каго гэта асацыюецца са стратаю жаноцкасці: кіраўніца значыць мужык у спадніцы. Кіраваць і заставацца жанчынаю шмат для каго несумяшчальна, бо свет пакуль жыве паводле мужчынскіх правілаў», – патлумачыла Ірына Альхоўка.

Аднак, на ейную думку, насамрэч гэта рэальна. «Выхоўваючы дзяцей, жанчыны праяўляюць так званыя мужчынскія якасці: цвёрдасць, уменне адмаўляць. Таму мужчыну й жанчыну не трэба супрацьпастаўляць. Вядома, ёсць пэўныя ўляўленні пра жаноцкасць: мяккасць, чуласць. Але гэта не азначае, што і мужчынам усё тое не патрэбнае», – кажа яна.

Выхоўвае дзяцей замест бацькі

З дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі карыстаецца менш за 1 % мужчынаў. Калі «Белсат» звяртаўся з пытаннем пра бацькоўскія адпачынкі да жыхароў Менску, большасць прыйшла да высновы, што гэта «не мужчынская справа».

«У прафесійнай сферы гэта пэўная дэкваліфікацыя. Пасля трэба шмат што навёстваць: выйшла на працу – а тэхналёгіі пайшлі наперад… Сям’я – гэта вельмі добра, але сужэнцы павінныя дзяліць абавязкі пароўну, а не так, што ты нарадзіла – ты й даглядай дзіця», – лічыць Альхоўка.

Праблема не толькі ва ўладзе, якая ў прынцыпе не натхняе людзей на грамадскую актыўнасць, а ў патрыярхальнасці беларускага грамадства. Нават тыя жанчыны, што прысутнічаюць у беларускай палітыцы ці займаюцца грамадскаю дзейнасцю, у медыях з большага паўстаюць як хатнія гаспадыні з незвычайным хобі.

belsat.eu

Стужка навінаў