Паводле інфармацыі службы Бі-бі-сі, 10 жніўня лейтэнант расейскай арміі Іван Каралёў нелегальна перасек літоўскую мяжу і дабраўся да Вільні. Вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў літоўскіх уладаў.
Іван Каралёў служыў у вайсковай частцы 59313-39 («Аб’яднанае стратэгічнае камандаванне Усходняй ваеннай акругі») намеснікам начальніка склада ўлікова-аперацыйнага аддзялення палявога артылерыйскага склада.
Як заявіў сам лейтэнант, 3 жніўня ён прыняў рашэнне пакінуць Расейскую Федэрацыю ў сувязі з тым, што не хацеў браць удзел у кровапралітнай вайне, якую развязала ягоная дзяржава.
Паводле словаў Каралёва, ён браў удзел у так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі», але ўвесь гэты час знаходзіўся на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.
«На тэрыторыі Украіны я не быў. Мы займаліся забеспячэннем расейскіх войскаў боезапасамі. Мы бралі боезапасы з усёй Расеі, з усіх частак, з усіх арсеналаў і размяркоўвалі іх брыгадам, часткам непасрэдна ва Украіну», – сказаў расейскі афіцэр. Аднак на дадзены момант, адзначае Бі-бі-сі, пацвярджэння гэтай інфармацыі ў іх няма.
Заява аб наданні палітычнага прытулку ад афіцэра-артылерыста Івана Каралёва была прынята да разгляду 11 жніўня, а сам вайсковец адпраўлены ў міграцыйны цэнтр у горадзе Пабрадэ, дзе ён будзе знаходзіцца да моманту, пакуль літоўскія ўлады будуць разглядаць ягоную заяву.
Нагадаем, што ў траўні 2023 года ў Літву ўцёк лейтэнант ВКС РФ Дзмітрый Мішоў, які таксама не жадаў ваяваць супраць Украіны.
Раман Шавель belsat.eu