Лета звычайна не самы спрыяльны час для пошуку працы. Але цяпер у Беларусі сезонныя ваганні ў ІТ-сферы не маюць значэння. На гэтым рынку надалей назіраецца падзенне, піша рэсурс devby.io.
У беларускім ІТ-сектары найбольшы спад колькасці вакансіяў меў месца пасля расейскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Да гэтага таксама назіралася некаторае скарачэнне колькасці вакансіяў, што звязана з палітычным крызісам пасля выбараў-2020.
Агулам рынак працы ў ІТ-сектары працягваецца скарачацца. Цяпер агульная колькасць вакансіяў у гэтай сферы вагаецца ў межах 2 тысячаў. Пры гэтым лета, сезон адпачынкаў, практычна перастала ўплываць на колькасць вакансіяў. Гэтак, напрыклад, у чэрвені сёлета было 2078 прапановаў працы, а ў ліпені – 1975.
Антырэкорд у разрэзе ПВТ зафіксавалі ў красавіку сёлета, калі было ўсяго 819 актыўных вакансіяў за месяц. Для параўнання: у верасні 2021-га рэзідэнты Парку прапаноўвалі 9687 вакансіяў.
Гэтак, лета не змяняе сітуацыі на рынку ІТ-вакансіяў, бо ў гэтай сферы ў Беларусі цяпер усё стабільна кепска.
Алена Аляксандрава belsat.eu