11 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбыліся спрэчкі бакоў у крымінальнай справе супраць Змітра і Насты Дашкевічаў. Пракурор запытаў ім абаім па 1,5 года калоніі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.
Змітра і Насту вінавацяць ва ўдзеле ў маршы пратэсту 23 жніўня 2020 года. Ім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Падчас судовага працэсу Зміцер і Наста адмовіліся даваць паказанні. Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на маршы 23 жніўня 2020 года.
Змітра затрымалі 23 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 содняў паводле адміністратыўнага артыкулу, а затым перазатрымалі ўжо ў крымінальнай справе. У красавіку стала вядома, што цяжарную жонку палітвязня таксама падазраюць паводле гэтага артыкулу. Змітра трымаюць у СІЗА № 1 на Валадарскага.
Прысуд будзе вынесены 14 ліпеня.
15 чэрвеня Наста нарадзіла чацвёртае дзіця.
Марыя Міхалевіч belsat.eu