Пачаўся суд над журналістам і краязнаўцам Яўгенам Меркісам. З СІЗА яго прывезлі ў кайданках


У Гомельскім абласным судзе 11 траўня пачалі судзіць журналіста, гісторыка і краязнаўцу Яўгена Меркіса, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Яўген Меркіс.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

У суд Яўгена прывезлі з гомельскага СІЗА № 3 у кайданках. Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Паседжанне праходзіць у закрытым рэжыме.

Былога журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 арт. 361.1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

Яўген Меркіс застаецца за кратамі 240 дзён.

Сёлета ў сакавіку пасля заканчэння следства Яўген меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хаця прастудных хваробаў і не абмінуў. У снежні правёў чацвёра содняў у карцары. Больш жорсткімі ўмовамі ўтрымання яго пакаралі за тое, што ён нібыта не пагаліўся.

Hавiны
За кратамі ўжо больш за 200 дзён. 5 фактаў пра журналіста Яўгена Меркіса
2023.04.28 20:54

Сілавікі затрымалі Яўгена Меркіса 13 верасня 2022 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 361.4 КК РБ – «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна выявілася «спрыянне», не паведамляюць дасюль. Пасля затрымання на месцы жыхарства журналіста адбыўся ператрус з выманнем носьбітаў інфармацыі. Ператрусы праведзеныя былі таксама на месца жыхарства бацькі Яўгена, а таксама ў ягоных сяброў.

Яшчэ да арышту Яўген Меркіс пакінуў журналісцкую дзейнасць, бо шэраг незалежных СМІ, у тым ліку і тыя, з якімі ён супрацоўнічаў да гэтага, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Станам на 11 траўня 2023 года за кратамі ў Беларусі застаюцца 33 журналісты і працаўнікі медыяў, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў