Ці зможа дзяржава прымусіць беларускіх школьнікаў любіць яе?


У Беларусі, як некалі ў СССР, на ўсіх узроўнях укараняецца канцэпцыя стварэння зручнага для рэжыму тыпу чалавека. На ўзор гома саветыкуса» ўжо са школы з беларусаў спрабуюць зрабіць «гома ябацькусаў», або «гома лукашэнкусаў».

Адзіны ўрок, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расеі, для вучняў 7 «Б» класа ў сярэдняй школе № 3. Ганцавічы, Беларусь. 2 красавіка 2024 года.
Фота: Пионерская дружина «Альтаир» СШ № 3 г. Ганцевичи / ВКонтакте

Сапраўдны беларус, на думку ўладаў, мусіць быць гатовы служыць калектыву і інтарэсам дзяржавы на шкоду сваім уласным. Мусіць быць гатовы «распранацца і працаваць». Але, бадай, самае важнае, без чаго ўсё астатняе нікому не патрэбнае, – гэта адданасць лукашэнкаўскаму рэжыму і вернасць яго ідэалогіі, а таксама патрыятызм і любоў да Радзімы (у разуменні той жа ўлады). Можна доўга спрачацца пра тое, ці ёсць сапраўдная ідэалогія ў рэжыму Лукашэнкі, але, тым не менш, механізм дзяржаўнай сістэмы ў цяперашняй Беларусі пракручвае маленькіх беларусаў паводле пэўных лякалаў.

Зазірнём туды, адкуль усё пачынаецца, у школы, і даведаемся, чым шпігуюць беларускіх школьнікаў, як на гэта рэагуюць бацькі і ці можна, ператвараючы школы ў ідэалагічныя казармы, выхаваць патрыятызм у дзяцей.

Схіленне да любві – праз камсамол, генацыд і памяць пра вайну

У школах Беларусі апошнім часам асабліва апантана праводзяць ідэалагічныя мерапрыемствы і акцыі. А таксама ствараюць асобныя структуры: вайскова-патрыятычныя клубы і факультатывы. Так, напрыклад, днямі стала вядома, што ў вучняў другіх і трэціх класаў з’явіцца новы факультатыў – «Азбука маральнасці». Чакаецца, што ў выніку вучні другіх класаў будуць ведаць, як паводзіцца падчас выканання дзяржаўнага гімну Рэспублікі Беларусі, называць нацыянальныя сімвалы Беларусі, наладжваць даверчыя ўзаемаадносіны з людзьмі (у сям’і, школе, грамадстве), тлумачыць сэнс прыказак пра радзіму, сям’ю, сяброўства, дабрыню, працу. Ад трэцякласнікаў будуць патрабаваць ведання маральных пачуццяў (доўг, гонар), імёнаў беларускіх школьнікаў – герояў Вялікай Айчыннай вайны (Зіна Партнова, Марат Казей, Лёня Голікаў, Мікалай Гойшык, Валя Зенкіна) і памятных мясцінаў Беларусі, звязаных з ВАВ (Музей гісторыі ВАВ, Берасцейская крэпасць, мемарыяльны комплекс «Хатынь», Курган Славы, мемарыяльны комплекс «Чырвоны бераг» і інш.).

Hавiны
У першакласнікаў з’явіцца новы прадмет – генацыд беларускага народу
2023.11.15 08:04

Ідэалагічныя мерапрыемствы ў школах спускаюцца «зверху», з міністэрства. Тое, як гэтыя планы і загады рэалізуюцца, залежыць ужо канкрэтна ад адміністрацыі навучальнай установы. У некаторых школах, дзе ёсць, напрыклад, кадэцкія ці прававыя класы, ідэалагізаванымі мерапрыемствамі нагружаюць менавіта іх. Так, раней усе класныя кіраўнікі і ўсе класы ішлі на мітынг з нагоды Дня Перамогі. Цяпер жа за ўсіх аддзімаюцца патрыятычныя класы. Яны і 23 лютага выступаюць з патрыятычнымі песнямі, і да Вечнага агню на акцыі ходзяць, і помнікі ўшаноўваюць, і ў мерапрыемствах, прысвечаных генацыду беларускага народу, удзельнічаюць. У дзень памяці ахвяраў Хатыні 22 сакавіка вучні ездзілі па такіх жа вёсках, што былі спаленыя фашыстамі.

«Ідэалогія заўсёды прысутнічае ў выхаваўчых мерапрыемствах, падчас класных і інфармацыйных гадзінаў. Усе тэмы так ці інакш звязаныя з ідэалогіяй дзяржавы.

Напрыклад, тэма «Славутыя і вядомыя людзі, навукоўцы Беларусі». Раз на месяц праводзіцца школа актыўнага грамадзяніна. Сюды можна запрасіць гасцей, тых жа ветэранаў. Ці, калі тэма пра вядомых людзей, запрасіць вядомых выкладчыкаў універсітэту або паэтаў і пісьменнікаў. Да знамянальных датаў праводзяць так званы адзіны ўрок: гэта як класная гадзіна, але падчас звычайных заняткаў. Класныя кіраўнікі прыходзяць у свае класы ў вызначаны час і праводзяць тэматычны ўрок. Быў такі да Дня адзінства, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, да Дня Канстытуцыі, Дня адзінства з Расеяй. Будзе такі ўрок і да Дня Перамогі», – кажа ў размове з «Белсатам» настаўніца адной з беларускіх школаў.

А што наконт піянерыі і «беларускага камсамолу», цалкам сабе масавай з’явы ў школах? Нашая суразмоўца кажа, што і ў гэтым выпадку – усё вельмі індывідуальна і залежыць найперш ад класнага кіраўніка.

«Ведаю класных, у якіх дзеці на 100 % уступаюць у акцябраты-піянеры. У такіх выпадках ніхто з бацькоў не выступае супраць. Калі класная будзе застрашваць, шантажаваць бацькоў, то, вядома, там будзе 100 %. Ці бацькі бесхрыбетныя», – кажа нашая суразмоўца.

Hавiны
Беларускім школьнікам зробяць факультатыў «Мая Айчына». Навучаць, што Лукашэнка – прэзідэнт
2024.01.27 13:49

Пры гэтым класная, калі ўсё дзеці ў класе ўступяць у камсамол, не атрымае ніякай прэміі за гэта. Але захавае спакойныя нервы.

«Калі мала дзяцей уступяць у піянерыю, то класнага кіраўніка выклічуць да дырэктара і будуць выгаворваць, маўляў, ты кепскі спецыяліст, ты кепска правяла працу з бацькамі і дзецьмі. Хаця фактычна гэтым мусяць займацца педагогі-арганізатары. У школе мусіць быць сакратар БРСМ, гэта ягоны непасрэдны абавязак: хадзіць і ангажаваць дзяцей уступаць у арганізацыі. За што ім грошы плацяць?» – задаецца пытаннем настаўніца.

«Мы папярэджваем дзіця, што пра пэўныя рэчы, якія яна чуе ўдома, у школе лепей не казаць»

Пра тое, як дзяцей заганяюць у піянерыю, мы запыталі беларускіх бацькоў.

«Мы проста адмовіліся – і ўсё. У класе дачкі ў адкрытую супраць выступілі іншыя бацькі, сказалі, што не будуць уступаць у акцябраты. Галоўнае было зразумець, што ты не адзін», – кажуць бацькі пяцікласніцы.

Настаўніца заўважае: калі сярод бацькоў ёсць хаця б дзве-тры асобы супраць, то так сапраўды лягчэй. Некаторыя бацькі пагаджаюцца ўступаць у піянерыю, каб проста не псаваць жыццё дзіцяці ў школе.

«Бо калі ў класе адное дзіця, якое не ўступіла ў піянерыю, у яго могуць пачацца праблемы ў школе, могуць цкаваць пасля настаўнікі ці аднакласнікі – маўляў, ты не такі, як мы. Калі ёсць хоць некалькі бацькоў, якія супраць, гніце сваю лінію, застрашыць усіх не змогуць. А вось аднаму можа быць складана», – кажа нашая суразмоўца.

Але часта бацькі сутыкаюцца з ціскам з боку настаўнікаў.

«Тэлефанавала настаўніца сына, казала: ён жа выдатнік, трэба ісці ў акцябраты, яны ж «бравые ребята», добрыя справы робяць. Я запытала: дык а што, тыя, хто не ўступае, кепскія справы робяць? Калі ты не ў акцябратах, не можаш рабіць добрыя справы? На гэта яна не знайшлася, што адказаць», – кажа мама пяцікласніка.

«Нам настаўніца напісала ў бацькоўскім чаце, што дзеці могуць уступіць у акцябраты і піянеры. Некалькі разоў настойліва пісала, але, здаецца, нікога не змушала. Пасля толькі на бацькоўскім сходзе сказала, што ўсё роўна ўсе там будуць, бо мы жывём у гэтай дзяржаве і мусім прытрымлівацца яе палітыкі. У нашым класе чамусьці бацькі пра гэта ўслых не кажуць, не магу нават сказаць, колькі чалавек уступіла, а колькі не», – кажа мама шасцікласніцы.

Урачыстае мерапрыемства «Подзвіг вялікі і вечны», прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у сярэдняй школе № 26. Менск, Беларусь. 8 лютага 2024 года.
Фота: Средняя школа №26 г. Минска. Официальная группа / Вконтакте

«Дзіця прыйшло і сказала: хачу ў акцябраты. Мы патлумачылі, чаму не трэба туды ўступаць. Расказвалі ўсё гістарычна. Мы хрысціяне, таму не можам быць у арганізацыях, якія пераймаюць ідэі Савецкага Саюзу, дзе быў атэізм. То бок паводле хрысціянскіх прынцыпаў мы не можам уступаць у такія арганізацыі. Плюс ідэалагічна. Я за незалежную Беларусь, а не вяртанне «саўка», – каментуе мама вучня чацвёртага класу.

«Дачка хацела паказаць на ўроку гісторыі кліп «Будзьма ведаць свой род». Я сказаў: не трэба. Дачка запытала: чаму? Прыйшлося тлумачыць, што як мінімум там сімволіка, якая экстрэмісцкая, згодна палітыкі цяперашняй улады. Ясна, што мы папярэджваем дзіця, што пра пэўныя рэчы, якія яна чуе ўдома, у школе лепей не казаць», – кажа бацька пяцікласніцы.

«Зразумела, наколькі ўсё кепска ў нашай адукацыі, калі на агульным бацькоўскім сходзе дырэктарка школы на поўным сур’ёзе сказала: самае галоўнае – гэта дысцыпліна. І галоўная місія школы – выхаваць дысцыплінаванага грамадзяніна.

Заўсёды думала, што місія школы – гэта адукацыя. А вось як аказалася. Гэта не школа, а казарма», – узгадвае яшчэ адная мама.

«Прымусам, шантажом, запалохваннем патрыёта не выхаваеш»

Як дзеці рэагуюць на ідэалагічныя мерапрыемствы ў школах? Настаўніца кажа, што акцябратам і піянерам усё роўна, яны не вельмі разумеюць, што гэта такое.

«Што могуць усведамляць гэтыя дзеці? Дарослыя ім сказалі, што яны будуць добрыя справы рабіць – і што, дзіця будзе задумвацца пра гэта? Ці бацькі думаюць: а што, я таксама быў піянерам ці акцябронкам, нічога кепскага ў гэтым няма. Бацькі сучасных піянераў і акцябратаў у дзяцінстве таксама былі акцябратамі і піянерамі. Так і перадаецца гэты «савок» з пакалення ў пакаленне», – адзначае нашая суразмоўца.

Што да старэйшых класаў, пачынаючы з восьмага, сказаць адназначна складана.

«Мне здаецца, дзеці перанасычаныя гэтай інфармацыяй, бо цяпер столькі патрыятызму на іх выліваецца, столькі гэтых мерапрыемстваў ледзь не з кожнага праса, паўсюль стэнды пра генацыд і патрыятызм, што дзеці проста перастаюць успрымаць гэтую інфармацыю. Гэта для іх інфармацыйны шум. Сучаснае пакаленне і так з цяжкасцю ўспрымае новую інфармацыю, бо яе вельмі шмат вакол.

Яны ўсё прапускаюць праз прызму «тут і цяпер»: прачытаў – а заўтра можаш не ўспомніць, што ты чытаў. У многіх дзяцей такі падыход у вывучэнні прадметаў: сёння я вывучу гэта на самастойную па гісторыі ці геаграфіі – а на заўтра мне гэта не трэба. Пра літаратуру нават маўчу: вывучыў верш на адзнаку – а заўтра ўжо забыў. Таму, з маіх назіранняў, дзеці такой ідэалагічнай інфармацыі проста не ўспрымаюць», – разважае нашая суразмоўца.

Школьнікі глядзяць мастацкі ваенны фільм «Салдацік» у сярэдняй школе № 143. Менск, Беларусь. 28 сакавіка 2024 года.
Фота: * Школа №143 г. Минска * Официальная группа / ВКонтакте

Яна адзначае: усё ствараецца вельмі штучна і наўрад ці такім шляхам можна выхаваць (хутчэй, навязаць) нейкі патрыятызм.

«Трэба схадзіць на нейкае мерапрыемства? Добра, мы сходзім, пастаім ці пасядзім, але вось гэтага пачуцця гонару «я – беларус, грамадзянін Беларусі, цяпер падымаюць сцяг маёй краіны і слёзы ў вачах» – гэтага няма. У нас дзеці добра, калі словы першага слупка гімну ведаюць, але шчыра з гонарам за Радзіму на лінейцы гэты гімн ніхто не спявае.

Бо што такое патрыятызм? Гэта калі ты хочаш штосьці рабіць для сваёй Радзімы сам. А не таму, што цябе прымушаюць ездзіць на нейкія мерапрыемствы, слухаць пра генацыд. Я сама хацела паехаць у Хатынь, адчуць гэтую трагедыю. Была магчымасць – і я з’ездзіла туды на экскурсію. Але калі цябе цягаюць паўсюль бясконца, ці будзеш ты ўсведамляць пасля, наколькі гэта была вялікая трагедыя для нашай краіны? Ці можа чалавек, якому гэта ўвесь час паўсюль штучна ўпіхваюць, успрыняць гэта шчыра на сэрца? Не ведаю. Думаю, што не», – кажа нашая суразмоўца.

Яна звяртае ўвагу на яшчэ адзін момант. Актывісты і дзеці-выдатнікі, якія ездзяць на такія мерапрыемствы, ездзяць толькі таму, што ім патрэбная добрая характарыстыка, якой цяпер запалохваюць усіх дзяцей.

«Прынцып такі: калі ты не будзеш хадзіць на ідэалагічныя мерапрыемствы, не будзеш у дзелавым стылі – мы табе напішам кепскую характарыстыку. І тады будзе не важна, што ў цябе ў атэстаце. І ты паступіш максімум у сельскагаспадарчы інстытут. Адпаведна, калі ў цябе амбіцыі паступіць на класны факультэт, спецыяльнасць, то мусіш разумець, што табе патрэбна максімальна ўдзельнічаць ва ўсіх гэтых мерапрыемствах, каб табе прыгожа ўсё напісалі Калі будзе трэба, адміністрацыя нават можа прыйсці і падвысіць ацэнкі ў атэстаце. Гэта ж актывіст, ён прапускаў урокі, бо ўдзельнічаў у патрыятычных мерапрыемствах. Такая вось лаяльнасць за адзнакі.

Але я як педагог гляджу на такое адмоўна. Я не лічу, што такім чынам можна выхаваць патрыёта: прымусам, шантажом, запалохваннем. І дзеці тут ні пры чым, гэта крывадушнасць дзяржавы і чыноўнікаў, яны лічаць, што такім чынам вучаць школьнікаў патрыятызму», – перакананая нашая суразмоўца.

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 18:08

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў