Хлопца, які згвалтаваў беларуску Лізу ў цэнтры Варшавы, будуць судзіць за забойства


Пракуратура перакваліфікавала абвінавачанне 23-гадоваму Дор’яну С., які ў канцы лютага 2024 года ў цэнтры Варшавы напаў на беларуску Лізу і згвалтаваў яе, пасля чаго дзяўчына памерла. Цяпер маладому чалавеку выставілі абвінавачанне ў забойстве сексуальнага характару і разбоі, піша RMF24.pl.

Дор’яна С. вядуць на паўторныя слуханні.
Крыніца: Wirtualna Polska

На змяненне пастановы паўплывалі вынікі ўскрыцця цела забітай беларускі.

Першапачаткова ў пракуратуры не было доказаў таго, што прычынай смерці Лізы быў менавіта напад. Цяпер следства, маючы вынікі ўскрыцця, сабрала неабходныя доказы, якія дазволяць судзіць Дор’яна С. менавіта за забойства.

Паводле следчых, Дор’ян С. пагражаў беларусцы нажом, ён зацягнуў яе ў браму шматкватэрнага дому, дзе жорстка згвалціў, збіў, пасля чаго задушыў.

Нагадаем, што здарэнне адбылося 25 лютага ў цэнтры Варшавы. На 25-гадовую Лізавету напаў 23-гадовы Дор’ян С., ён згвалціў яе і душыў. У выніку ў Лізаветы здарылася гіпаксія. Гэта выклікала незваротныя наступствы для мазгоў. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі.

Смерць Лізаветы шакавала грамадства і выклікала розгалас у беларускім і польскім асяродках. 6 сакавіка ў памяць пра дзяўчыну ў Варшаве прайшоў марш «Яе звалі Ліза».

Нападніка затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства. 23-гадовага Дор’яна С. ужо судзілі раней за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Цяпер ён паўстане перад судом за забойства беларускі.

Каментар
Наста Базар: «Прабач Ліза, што мы не паспелі спыніць гэты гвалт»
2024.03.14 18:35

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў