Новыя падрабязнасці пра забойства беларускі ў Варшаве


Як стала бачна на камерах відэаназірання, дзве жанчыны, якія сталіся сведкамі нападу на 25-гадовую беларуску Лізавету ў цэнтры Варшавы, спачатку прыпыніліся каля месца здарэння, але пасля прайшлі міма. Яны патлумачылі свае дзеянні тым, што не зразумелі, што былі сведкамі злачынства, паведамляе TVN24.

Месца, дзе загінула беларуска Лізавета.
Фота: скрыншот з відэа tvn24.pl

Жанчыны самі звярнуліся ў паліцыю, калі даведаліся пра напад, і сапраўды пацвердзілі, што бачылі момант здзяйснення злачынства, але падумалі, што сталіся сведкамі сексуальных зносінаў паміж бяздомнікамі. Пры гэтым яны адзначылі, што мужчына, якога яны ўбачылі, вульгарнымі выразамі загадаў ім сысці.

Акрамя таго, з неафіцыйных крыніцаў сталіся вядомыя матывы нападу Дор’яна С. на беларуску. Як сцвярджаецца, 23-гадоваму хлопцу тэрмінова спатрэбіліся грошы, і ён захацеў атрымаць іх такім чынам. На допыце Дор’ян С. нібыта патлумачыў, што «хацеў напалохаць і абрабаваць жанчыну, бо яму патрэбныя былі грошы», а потым сцвярджаў, што не памятае, што адбылося.

У медыях ужо з’яўлялася інфармацыя, што ў кватэры Дор’яна С. знайшлі кнігі пра забойствы і згвалтаванні. Паводле інфармацыі Gazeta.pl, насамрэч была знойдзеная адна кніга пра сексуальных злачынцаў.

Нагадаем, што 25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы Дор’ян С., згвалціў яе і душыў, праз што ў Лізаветы здарылася гіпаксія, якая пацягнула за сабою незваротныя наступствы для мазгоў. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі. Нападніка затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства.

6 сакавіка ў Варшаве пройдзе марш памяці 25-гадовай Лізаветы. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства, вуліца Журавя, 47 (Żurawia 47). Акцыя пачнецца а 18:00.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў