Расейская армія абстраляла Херсон, ёсць загінулыя


У выніку артылерыйскага абстрэлу Херсону зранку 11 сакавіка загінулі мінімум трое мірных жыхароў. Пра гэта паведамляе старшыня Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

«Стала вядома, што на месцы варожага ўдару на Мікалаеўскім шасэ ў Херсоне загінулі трое людзей, двое параненыя», – напісаў Пракудзін у «Фэйсбуку».

Пазней у эфіры нацыянальнага тэлемарафону Пракудзін удакладніў, што параненых не двое, а трое: 74-гадовая жанчына, а таксама мужчыны 47 і 64 гадоў. Яны атрымалі раненні сярэдняй цяжкасці і былі шпіталізаваныя.

Вынік абстрэлу Херсону 11 сакавіка.
Фота: khersonskaODA / Telegram

У выніку абстрэлу загарэўся аўтамабіль. Расейскі снарад таксама пашкодзіў прадпрыемства, дзе стаяў камунальны транспарт, – пашкоджаныя пяць аўтобусаў.

Пракудзін сцвярджае, што ніякай логікі ў расейскіх абстрэлах няма.

«Усюды б’юць хаатычна, па раёнах гораду, дзе жывуць людзі і няма вайсковай тэхнікі ды вайскоўцаў», – падкрэсліў ён.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў