Адкрыты ліст былому калегу Івану Эйсманту

Добры дзень, Ваня! Перасільваю сябе, але так хочацца ўзгадаць нашыя залатыя часы. Ты прыехаў да нас на Макаёнка, калі там ужо даволі працяглы час працавала з намі, выдаючы спартовыя навіны, твая родная малодшая сястра Аня («паследак» у вашай шматдзетнай сям’і. Як калега прызнавалася, яна пабачыла свет, калі бацькі былі ўжо ва ўзросце).

Іван Эйсмант.
Фота: Okras, CC BY-SA 4.0 / commons.wikimedia.org

Ты адразу захапіў нас: вясёлы, усмешлівы, добразычлівы, надзвычай камунікабельны. Разам хадзілі на стадыён «Дынама» на матчы нацыянальнай зборнай, і гулялі ж разам. Не толькі ў трэнавальных матчах, але і ў турніры. Ты, вядома, часцей – як маладзейшы і значна больш майстравіты за мяне. Ты быў цудоўным тэлевізійнікам, хаця і надта рознабаковым, што я не вельмі ўхваляю. Не магу ўцяміць, як можна весці эканамічныя праграмы, крымінальную, спартовую ды яшчэ быць палітычным аглядальнікам. Буду лічыць, што ты шукаў сябе.

Быў ты і карэспандэнтам. Ездзіў нават у замежныя камандзіраванні. Памятаю тваё цудоўнае душэўнае інтэрв’ю з Аляксандрай Герасіменей пасля яе чарговага медальнага фінішу на Алімпіядзе.  Ты разбіраўся не толькі ў спорце. Апошні раз мы сустракаліся ў Варшаве 21 чэрвеня 2009 года, калі споўніўся амаль год, як я звольніўся з Белтэлерадыёкампаніі і працаваў на «Белсаце».

Сустрэліся ў гатэльным нумары, дзе ты пасяліўся з цудоўным аператарам Андрэем Хрысціным. Вы прыехалі асвятляць працу адмысловай выставы «Белэкспа». Беларусь тады была вельмі зацікаўленая ў наладжванні эканамічных кантактаў з Польшчай. У тым ліку і ў партнёрскіх стасунках у «зонах вольнага гандлю». Стварыць такую зону, перш за ўсё, мелі намер на тваёй роднай Гарадзеншчыне. Але мы, выпіваючы віскі, больш размаўлялі пра спорт. Ты казаў, што як гарадзенец добра ведаеш польскую мову, польскі футбол і польскіх каментатараў. Бо вёска, у якой ты нарадзіўся, была ўсяго за паўтара дзясятка кіламетраў ад польскай мяжы, і ты меў магчымасць часта глядзець тэлебачанне суседняй краіны, спартовыя трансляцыі.

Пазней, падчас навучання ў Акадэміі МУС, ты і пісаў пра футбол, пра матчы гарадзенскага «Нёмну». Прычым пісаў не ў дзяржаўныя «Спортивную панораму» або ў «Всё о футболе», а менавіта ў вольны і незалежны «Прессбол». Што з ім цяпер сталася, ты, канечне, ведаеш. Залаты склад не згадзіўся на працу пад дзяржаўным кіраваннем, і амаль увесь калектыў проста адмовіўся ад варыянту дзейнасці «пад кантролем і прымусам», калі журналістамі пачалі маніпуляваць. А гэта ж усе тыя, хто так ахвотна і даверліва прыняў цябе ў сваю моцную «прессболовскую» сям’ю.

Іван Эйсмант і Аляксандр Пуціла. Фота з архіву аўтара

Не ведаю, як трансфармаваўся твой светапогляд, але што раптам сталася? Ці каханне да Наташы (Наталля Селюн (Кірсанава), якая працавала са мною яшчэ на тэлеканале «Лад» і зачаравала ўсіх сваім прыгожым вобразам, мяккім характарам, ці жаданне дагадзіць тым, хто стаіць вышэй, але спачатку адзін, а потым і другі раз я пачуў ад цябе ў «Клубе рэдактараў», які ты вёў, фразу: «Пуціла – наркаман». Мяне абдало ледзяным душам. Я разумеў, што не пра мяне гаворка (не такая я бачная асоба, каб пра мяне нават згадваць). Вядома, пра майго старэйшага сына – Сцяпана. Ваня, ну як так? Ты ж афіцэр (хаця ў Беларусі гэты панятак службовай асобы найвышэйшых званняў знівеліяваўся да немагчымага), які павінен захоўваць годнасць і трымаць гонар у любых абставінах.

Мы ж сябравалі, жадалі адно аднаму поспехаў, калі развітваліся перад маім пераездам у Варшаву.  Ты цудоўна ведаеш, што гэта мой сын. Што прымусіла цябе выціснуць з сябе гэтую абсалютна беспадстаўную фразу (і ты гэта, бясспрэчна, асэнсоўваеш): жаданне некаму спадабацца, перад кімсьці замацавацца, дагадзіць? Дзеля чаго гэта было не аднойчы сказана?  Як бы твая мама паставілася да таго, каб ты прыйшоў да яе і сказаў: я пакрыўдзіў нявіннага чалавека, прыпісаўшы яму тое, чаго не існуе? Як увогуле вашыя бацькі, заходнікі са стажам, простыя, разумныя, працавітыя людзі, Ганна і Міхаіл, паставіліся да таго шляху, які вы, іх дзеці, абралі? Дзе што зламалася, што захінула вочы і зацямніла душу? Чаму спакуса адолела? Мы ж ніколі зла адно аднаму не рабілі. Як гэта цяпер выправіць?

Ваня! Ведаю, што ты пад санкцыямі са снежня 2020 года, але ж гэта не назаўсёды. Прыязджай. Пасядзім, пагутарым за жыццё. Я цябе пазнаёмлю са Сцяпанам. Ніхто і не ўзгадае табе тваіх выказванняў. Тут усе адэкватныя людзі і ўсё разумеюць. Вядома, калі рухне рэжым – мы і самі прыедзем. Абавязкова. Узгадаем нашыя цудоўныя дні.

Я не ведаю, ці з’явілася ў вашай з Наташай сям’і дзіця. Напэўна, пра гэта было б вядома. А можа, вы і не хочаце выносіць гэтае пытанне на людзі. Вашае права. Ці ёсць дзіця, ці яшчэ будзе, але я табе ніколі не жадаю пачуць такое пра твайго сына. Каб нехта гэта проста кінуў у эфір нацыянальнага тэлебачання, у паветра, ведаючы, што тое абсалютная няпраўда. Але я па-хрысціянску прабачаю табе. Не рабі так больш, калі ласка. Ні ў адносінах ні да каго.  Сустрэнемся яшчэ ў гэтым жыцці ці не – аднаму Богу вядома. Я быў бы не супраць!

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў