«BELPOL»: У Беларусі і за яе межамі дзеюць агенты рэжыму. Праца будзе актывізоўвацца


Уладзімір Жыгар, прадстаўнік аб’яднання «BELPOL», каментуючы затрыманне польскімі спецслужбамі за шпіянаж грамадзянкі Беларусі Дар’і Астапенкі, заявіў, што гэта не адзіны выпадак вербавання дэмакратычных актывістаў. Гэта ён сказаў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Будынак КДБ у Менску.
Фота: БелТА / belta.by

«Можна з упэўненасцю сказаць пра тое, што ў Беларусі і за яе межамі дзеюць агенты рэжыму. Больш за тое, гэтую працу будуць працягваць і актывізоўваць, бо гэта адная з самых галоўных задачаў спецслужбаў. Наколькі яна будзе паспяховай і якаснай, гэта ўжо іншае пытанне, якое шмат у чым залежыць ад нас», – адзначыў Уладзімір Жыгар.

Паводле яго, удзел у порнаіндустрыі ў Беларусі – гэта самы верагодны варыянт для патэнцыйнага вербавання спецслужбамі, бо такая дзейнасць можа зʼяўляцца «крыніцай не толькі грошай, але і рэальных праблемаў з законам, патэнцыйна, скажам так, падставай для вербавання».

Як адзначыў Жыгар, вербаванне звычайна адбываецца праз шантаж, што такая дзейнасць чалавека будзе абвешчаная публічна.

«Насамрэч, любая, абсалютна любая актыўнасць, любыя нейкія дзеянні чалавека, якія ў нейкай меры мяжуюць з законам, могуць быць патэнцыйна такой падставай для вербавання. Насамрэч, вербаванне – гэта фактычна пытанне псіхалогіі. Як з боку таго чалавека, хто вярбуе, так і з боку чалавека, каго вярбуюць», – заключыў прадстаўнік «BELPOL».

Hавiны
За шпіянаж на карысць КДБ у Польшчы затрымалі беларуску
2024.01.09 11:09

Працаўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) 20 снежня 2023 года затрымалі грамадзянку Беларусі, якая працавала на карысць Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яна перадавала звесткі пра прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія цяпер у Польшчы, і арганізацыі, якія аб’ядноўваюць беларусаў і палякаў беларускай нацыянальнасці.

Беларусцы выстаўленае абвінавачанне ў спрыянні дзейнасці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча, кваліфікаванае паводле параграфу 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы.

Затрыманай аказалася былая актывістка «Гавары праўду» Дар’я Астапенка. У арганізацыі яна з’явілася ў 2018–2019 гадах, была назіральніцай на выбарах, збірала подпісы, разам з іншымі актывістамі праходзіла трэнінгі. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года была каардынатаркай у «Гавары праўду» пры зборы подпісаў у Баранавічах і Баранавіцкім раёне. Таксама ёй удалося трапіць у спіс давераных асобаў кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева.

З восені 2023 года Астапенка была ў Польшчы, спрабавала наладжваць кантакты з беларускімі актывістамі, трапіць у беларускія арганізацыі, прапануючы ім сваю валанцёрскую дапамогу. Таксама яна збірала інфармацыю пра дзейнасць харугваў Паспалітага рушэння, яе цікавіла інфармацыя пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто аказвае ім дапамогу.

Пасля затрымання ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з КДБ яшчэ з 2017 года. Таксама стала вядома, што Астапенка «спрабавала сябе даволі ў жорсткім порна, свяцілася на «OnlyFans», прапаноўвала паслугі эскорту». Магчыма, такім чынам яна і была завербаваная, бо «ў Беларусі здыманне ў порна ці прастытуцыя – дзеі, што караюцца крымінальнай адказнасцю».

Абноўлена
Агенткай КДБ, затрыманай у Польшчы, аказалася былая актывістка з Баранавічаў
2024.01.10 20:24

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў