Гомельскіх прадпрымальнікаў запалохваюць і выганяюць з працоўных месцаў


Працяг канфлікту ў гомельскім гандлёвым цэнтры «Сакрэт»: у адказ на запалохванні адміністрацыі прадпрымальнікі зладзілі аднадзённую акцыю пратэсту.

Раней арандатары напісалі адмысловы зварот у мясцовы гарвыканкам з просьбаю скасаваць несправядлівую дамову, накінутую ўладальнікамі гандлёвага цэнтру.

Прадпрымальнікі паверылі новаму кіраўніцтву «Сакрэту», што папрасіла скасаваць старыя дамовы на арэнду, паабяцаўшы заключыць новыя на ранейшых умовах. У выніку арэндавая плата павысілася ў разы і мусіць выплочвацца за некалькі месяцаў наперад.

Такім чынам, у гандлёвым цэнтры, дзе цячэ дах падчас дажджу, а платная прыбіральня месціцца на двары, плата за 1 кв. м. некаторых гандлёвых месцаў дасягае 100-120 еўраў.

Раней людзі спрабавалі пагутарыць з уласнікам «Сакрэту», аднак той папросту выгнаў іх з кабінету. Сёння, баючыся, што на дапамогу арандатару прыйдзе міліцыя, прадпрымальнікі абвесцілі санітарны дзень і сабралі некалькі соцень подпісаў пад калектыўным зваротам у міліцыю паводле факту махлярства.

Арандатары гандлёвых месцаў звяртаюць таксама ўвагу на тое, што новы ўласнік цэнтру выкарыстоўвае неправавыя метады падчас канфлікту – пагражае выселіць прадпрымальнікаў, а таксама шантажуе іх, да прыкладу, адключае ў гандлёвых кропках электрычнасць.

«Мы не хочам вайны і канфліктаў, мы проста хочам спакойна працаваць, плаціць падаткі.Пры новых дамовах, калі іх падпішам, мы трапляем фактычна ў рабства да ўласніка, ён у любы момант можа проста выкінуць нас на вуліцу. І чым такім нам трэба гандляваць, каб плаціць арэнду 2 тыс. еўраў ці 5 тыс.?» – падкрэсліваюць прадпрымальнікі.

Старшыня савету грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які дапамагае прадпрымальнікам, заявіў, што юрысты арганізацыі прыйшлі да высновы: дзеянні ўладальніка не адпавядаюць заканадаўству. «Тое, што тут робіцца, калі гаварыць моваю ліхіх 90-х, – гэта проста «кідалава», – заявіў Шумчанка. Ён заклікаў прадпрымальнікаў быць кансалідаванымі, не паддавацца на правакацыі ды адстойваць свае правы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары