Алег Волчак: Глупства – асуджаць тых, хто напісаў прашэнне аб памілаванні


Сяргея Каваленку вызвалілі ўчора а 20.00. Хоць калі яго ўсё ж прымусілі падпісаць прашэнне аб памілаванні 25 чэрвеня, абяцалі вызваліць ужо праз некалькі тыдняў. Дадому Каваленка трапіў толькі сёння.

“Сын быў вельмі ўсцешаны. Я яму пачытаў кнігу на ноч, і ён літаральна праз некалькі сказаў заснуў”, – усміхаецца ўжо былы палітвязень.

Паводле Каваленкі, адміністрацыя калоніі ледзь не штодня казала падпісаць прашэнне аб памілаванні, абяцаючы хутка адпусціць яго да сям’і. Актывіст сваёй віны не прызнаў і ў памілаванні напісаў толькі “Прашу мяне вызваліць”.

Чаму вызвалілі?

Праваабаронца і былы следчы Алег Волчак лічыць, што вызваленне Сяргея Каваленкі ды Паўла Сырамалотава мае на мэце адцягнуць увагу грамадскасці ад няўдалых парламенцкіх выбараў. Аднак Лукашэнка не можа спадзявацца атрымаць за гэты крок нейкай эканамічнай выгады.

“Захад паставіў яшчэ паўгода таму ўмову – поўная рэабілітацыя і вызваленне палітвязняў. Хутчэй за ўсё, пытанне Беларусі будзе вырашацца ў Еўрапарламенце ў сярэдзіне кастрычніка. Таму ўлады намагаюцца неяк змякчыць рашэнні ЕЗ, выпускаючы палітвязняў”, – мяркуе Алег Волчак. {movie}Алег Волчак у “Гарачым каментары”|right|6587{/movie}

Разам з гэтым праваабаронца не верыць у магчымае вызваленне ўсіх “палітычных”. Можа, вызваляць шараговых актывістаў, але Мікола Статкевіч, Зміцер Дашкевіч або Мікалай Аўтуховіч застануцца за кратамі.

Прынцып на прынцып

Улады выпускаюць толькі тых, хто ў той ці іншай форме падпісаў прашэнне аб памілаванні. Гэтак і Сяргея Каваленку спачатку прымушалі прызнаць сваю віну, але зразумеўшы, што падобнага ад яго не атрымаюць, абмежаваліся звычайнаю просьбаю. Вядома, што шмат якія палітвязні з прынцыпу не падпішуць ніякай просьбы да Лукашэнкі.

“Яны для нас ужо героі, і калі паўстане пытанне аб напісанні прашэння, то гэта нармальна. Трэба быць з сям’ёю і паляпшаць здароўе. Глупствам было б асуджаць тых, хто напісаў прашэнне”, – падкрэсліў праваабаронца.

Не толькі добрыя навіны

Іншыя палітзняволеныя не толькі не спадзяюцца на хуткае вызваленне, але і на прыстойнае стаўленне з боку адміністрацыі калоніі. Як паведаміла нявеста Зміцера Дашкевіча Наста Палажанка, зняволены старшыня ўжо сёмы дзень трымае галадоўку ў карцары мазырскай калоніі. {movie}Палажанка і Волчак у “Гарачым каментары”|right|6588{/movie}

Паводле Алега Волчака – гэткі ціск не можа быць ініцыятываю кіраўніцтва турмы.

„Перад ім проста паставілі задачу і ён мусіць яе выканаць. Гэтае прызнанне для іх неабходнае. Не падпісваеш – у СІЗА”. – кажа праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў