Мытны саюз створыць адзіную візавую зону


Налета ў Беларусь, Казахстан і Расею замежнікі змогуць прыязджаць па адной візе, як у дзяржавы Шэнген.

Паводле намесніка міністра эканамічнага развіцця РФ Андрэя Сляпнёва, агульная візавая прастора – адна з неабходных умоваў для фармавання на базе “мытнай тройкі” адзінай эканамічнай прасторы.

За ўзор плануецца ўзяць прынцыпы Шэнгенскай зоны – замежнікі змогуць прыязджаць на тэрыторыю Беларусі па расейскай ці казахскай візе і наадварот.

Чыноўнікі пакуль не ўдакладняюць, ці будзе ўніфікаваны кошт візы. Бо на сёння беларуская віза каштуе найдаражэй – $75. Кошт казахстанскай складае $40, а расейскай – $25.

Эканаміст Зміцер Бянько лічыць, што, з аднаго боку, гэта спросціць бюракратычныя схемы, якія могуць замінаць дзелавым аперацыям. З іншага ж боку, беларусаў мусіць турбаваць унутраная бяспека краіны. „Найбольшы трафік кантрабанды ідзе з расейскага боку, паколькі адсутнічае мяжа і кантраляваць зброю, наркотыкі ды алкаголь, што праз беларуска-расейскія лясы прыязджае да нас, вельмі складана. У Казахстану амаль няма мяжы з Кітаем, таму мы можам атрымаць не толькі кантрабанду, але і вялікі прыток нелегальнай працоўнай сілы з Усходу», – адзначыў эканаміст.

Турыстычны аглядальнік Алег Паўлаў, у сваю чаргу, адзначае, што адзіная віза не надта паўплывае на павелічэнне колькасці турыстаў. «У нас фактычна не наладжаныя трансмежныя турпаездкі з Расеяй і тым больш з Казахстанам. Куды эфектыўней развіваць трансмежны турызм з Літвой і Польшчай, бо ў нас агульная гістарычная спадчына. І спрасціць візавы рэжым варта было б у еўрапейскім кірунку», – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў