Уладзімір Барадач і Яўген Мурашка створаць… ценявы кабінет нацыянальнага адраджэння


Старшыня аргкамітэту Рады нацыянальнага адраджэння Уладзімір Барадач і старшыня Саюзу беларусаў Нямеччыны Яўген Мурашка звярнуліся з такою прапановаю да беларусаў-ліцвінаў.

Не можам не нагадаць, што паводле перапісу 2009 г. у Беларусі жывуць 66 чалавек, якія акрэсліваюць сябе як “ліцвіны”.

“Беларуска-ліцвінскі народ”

На думку Барадача і Мурашкі, “у беларуска-ліцвінскага народу ёсць толькі адзін шлях да аднаўлення нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці, дасягнення сваіх законных правоў на ўласнай зямлі”. “Гэты шлях ідзе праз аб’яднанне ўсіх беларусаў-ліцвінаў у нашую ўласную самаарганізацыю. Такая самаарганізацыя мае адбывацца вакол аб’ектыўных інтарэсаў беларуска-ліцвінскага народу”, – адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары лічаць, што сітуацыя вакол Беларусі можа раптам змяніцца з-за падзеяў у суседняй Расеі. “Апазіцыі трэба быць гатоваю да гэтага. Аднак сёння апазіцыйныя партыі раз’яднаныя намаганнямі спецслужбаў рэжыму. Скарыстацца ў будучыні магчымаю сітуацыяй, узначаліць таварыства і паспяхова правесці адхіленне дыктатара ад улады яны не здольныя”, – гаворыцца ў дакуменце.

Барадач і Мурашка ўпэўненыя, што ценявы кабінет нацыянальнага адраджэння мае вярнуць Беларусь да дэмакратычных формаў кіраўніцтва. “Паўнамоцтвы гэтага кабінету як выканаўчага органу будуць ажыццяўляцца да правядзення сапраўды дэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, – пішуць яны.

Не ўрад, кабінет.

У звароце падкрэсліваецца, што гаворка ідзе не пра стварэнне ўраду за мяжою: “Размова вядзецца аб сістэмнай сіле (унутры краіны і за мяжою), не падкантрольнай рэжыму. Такая нашая дзейнасць будзе і легальная, і цывілізаваная, і самая што ні ёсць дэмакратычная”, – тлумачаць аўтары звароту.

Барадач і Мурашка звяртаюць увагу на наяўнасць у іх “праграмы пабудовы будучыні беларускай дзяржавы, якая будзе забяспечваць ажыццяўленне жыццёвых інтарэсаў беларуска-ліцвінскай нацыі”.

“Мы гарантуем, што пасля прыходу да ўлады нацыянальна-патрыятычных сілаў усім беларусам-ліцвінам замежжа, якія пажадалі вярнуцца на Радзіму, дадуць роўныя правы з беларусамі-ліцвінамі – грамадзянамі Беларусі. У іх будзе ўлічаны працоўны стаж, пасведчанні аб адукацыі ды прафесіі. Пры наяўнасці працоўнага стажу ў Беларусі яны атрымаюць права ўдзелу ў прыватызацыі. Ім будзе гарантаванае права на льготнае крэдытаванне, пенсійнае і сацыяльнае забеспячэнне”, – абяцае зварот.

Палітэмігранты лічаць, што ўдзел любога беларуса ў агульнай справе можа быць у трох формах: “удзел справамі, удзел словам, удзел у форме фінансавага падтрымання”.

Барадач і Мурашка прапаноўваюць кожнаму “абраць свой кірунак дзейнасці дзеля выканання нашай агульнай высакароднай справы”.

belsat.eu

Стужка навінаў