Кіраўніцтва Полацкага вінзаводу: у нас такое не першы раз


Намесніца дырэктара кажа: страйку не было, а тое, што людзі выказваюць незадаволенасць заробкам, дык гэта ўжо не першы раз.

Сёння ўранку сайт http://ximik.info/ паведаміў, што цэхі Полацкага вінзавода спыніліся, а працаўнікі выйшлі на вуліцу. Паводле грузчыка Віктара Раслякова, прычынай сталі нізкія заробкі: учора ўсе атрымалі разліковыя лісткі і сёння адрэагавалі стыхійным страйкам.

Кіраўніцтва нібыта паабяцала пералічыць выплаты да канца дня, і абураныя ўсё ж такі распачалі працу.

{movie}Кіраўніцтва Полацкага вінзавода: такое ўжо было|left|6343{/movie}«Белсат» дазваніўся да намесніцы дырэктара завода па камерцыйных пытаннях Анжалікі Крыжаноўскай. «Сітуацыя была звычайная, як і ў прынцыпе раней, перад тым, як мы трапілі пад такі пільны нагляд. [Нядаўна каля 30 працаўнікоў выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і стварылі незалежную ячэйку. Паводле «Народнай волі», з гэтай прычыны завод наведалі супрацоўнікі КДБ – belsat.eu]. Кожны раз, як раздаем разлікі, нейкія пытанні ўзнікаюць. Ходзяць, пытаюцца. Выходзіў планавы аддзел, людзям тлумачыў, распавядаў, якая сітуацыя», – паркаментавала яна падзеі сённяшняй раніцы.

Паводле суразмоўніцы, людзі атрымліваюць «на рукі» ў сярэднім 2,5 млн. Рублёў: «Як вы думаеце, гэта многа ці мала? Але людзей такі заробак не задавольвае. <…> Чым больш пільная ўвага да нашага завода, тым больш хочуць людзі».

Анжаліка Крыжаноўская кажа, што працаўнікі наракаюць а высокія кошты ў крамах і нізкі ўзровень жыцця. Але ўсе разумеюць, што ў горадзе паўсюдна заробкі маленькія. «Вось атрымала жанчына ў цэху 2,5 млн, кажа: гэта мне 9 разоў схадзіць у краму. Дык вось у чым тут віна кіраўніцтва завода, скажыце? Мы ж кошты не малюем ў крамах! Мы не можам заплаціць болей, чым мае завод. У нас ёсць фонд заработнай платы».

Намесніца дырэктара запэўнівае, што цэх не працаваў літаральна пяць хвілін, пакуль не прыйшлі прадстаўнікі планавага аддзела. Паводле яе, завод працуе ў нармальным рэжыме: «Такога няма, каб забастоўкі, стачкі, гэта ўсё няпраўда».

belsat.eu

Стужка навінаў