100 еўра за гадзіну і букеты кветак – як беспрацоўныя беларускі займаюцца прастытуцыяй у Вільні


Дзяўчат ужо не раз штрафавалі за нелегальную працу, але яны ўсё роўна вяртаюцца на заробкі.

У мінулы чацвер у літоўскай сталіцы праваахоўнікі аштрафавалі двух беларускіх прастытутак.

«Яны спраўна плацяць штрафы, заўсёды прыходзяць на пасяджэнні суда, бо баяцца, што паліцыя можа звярнуцца ў беларускую міліцыю. Акрамя гэтага, за нявыплату штрафаў ім могуць не выдаваць літоўскія візы», – распавядаюць у паліцыі.

Гэтым разам не пашчасціла «Дыяне» і «Віцы». Дзяўчыны размяшчаюць свае фота з заклікам «адзывацца шчодрых хлопцаў» на мясцовых сайтах адпаведнай тэматыкі. З кліентамі дзяўчыны не кантактуюць – замовы прымае аператар.

Пры першым затрыманні прастытутка часцей за ўсё атрымлівае палову мінімальнага штрафу – 43 еўра. У наступны раз можна заплаціць ад 144 да 289 еўра. Пры гэтым гадзіна працы ў іх каштуе 100 еўра (паўгадзіны – 70 еўра).

Матывацыя да гэткай працы ў дзяўчат розная. «Дыяна» збірае грошы на аўтамабіль, а «Віка» ў Беларусі працавала дырэктарам рэстарана, зарабляла 600 еўра ў месяц. Паводле яе, сярэдні заробак у Беларусі – 300 еўра, а прадукты даражэй, чым у Літве. Аднак даходы ад прастытуцыі таксама непастаянныя.

«У мінулы прыезд у Вільню кліентаў было няшмат. Цяпер значна больш, але шматлікім хапае паўгадзіны. Кліенты не крыўдзяць, дораць кветкі», – распавяла Віка журналісту delfi.lt.

З паліцэйскімі дзяўчыны не сварацца. «Я адэкватны чалавек», – тлумачыць свой спакой «Дыяна».

ДР, belsat.eu паводле delfi.lt

Стужка навінаў