Як арганізоўваюць выбары. Распавядаем пра знакавыя электаральныя кампаніі


Штогод у свеце праводзіцца безліч выбараў. Некаторыя электаральныя кампаніі дробныя і не маюць вялікага ўплыву на палітыку краіны, у якой гэтае волевыяўленне праводзіцца. Іншыя выбары ўплываюць не толькі на краіну, але на цэлыя рэгіёны.

На 16 лістапада запланаваная галоўная электаральная кампанія ў Мадагаскары, а на 10–12 снежня – прэзідэнцкія выбары ў Егіпце. У гэтым месяцы меліся адбыцца выбары ва Украіне. Але вайна змяніла планы, тэрмін іх правядзення не вядомы.

Украіна прапусціла парламенцкія выбары і пакуль не мае як настроіцца на прэзідэнцкія

Наш суразмоўца – дырэктар Інстытуту усясветнай палітыкі (Украіна), кандыдат навук Яўген Магда ўпэўнены, што любая электаральная кампанія ва Украіне на дадзены момант проста немагчымая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

«Цяперашняе заканадаўства Украіны не дазваляе праводзіць выбары ва ўмовах ваеннага становішча. Не шмат пакуль шанцаў на тое, што і прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на вясну 2024 года, таксама адбудуцца ў свой час. Ёсць цэлы шэраг прычынаў, якія дазваляюць казаць, што для нас цяпер нашмат больш важная перамога ў вайне, чым выбары. Дакумент аб недапушчэнні электаральных кампаніяў ва ўмовах ваеннага становішча дзейнічае да сярэдзіны лістапада гэтага года. Таму сёлета дакладна выбараў аніякіх ужо не будзе. А ці будуць яны ў 2024-м? Патлумачу сваё бачанне так. У нас цяпер у сілах абароны Украіны – каля мільёна людзей: гэта і войска, і Нацыянальная паліцыя, і Нацыянальная гвардыя. Як арганізаваць галасаванне, якое будзе верыфікаванае назіральнікамі – хоць украінскімі, хоць іншаземнымі – на лініі фронту? Яшчэ адзін момант. Мільёны ўкраінцаў раскіданыя па ўсім свеце. І там таксама трэба ствараць дадатковыя выбарчыя ўчасткі. А рэестры выбарнікаў? У некаторых вобласцях, якія пабывалі пад акупацыяй, яны знішчаныя поўнасцю. То бок праводзіць выбары ў гэтых рэгіёнах абсалютна немагчыма. Рабіць гэта праз праграму «Дія» («Державні послуги онлайн»), што прапаноўвалі некаторыя гарачыя галовы?.. То гэта проста дыскрэдытацыя ўсёй сістэмы. Бо выбары прывязаныя да пашпарта, а ў нас яны праходзяць паводле прынцыпу тайнага галасавання. Таму як прымацаваць «Дія» да гэтага ў нашых умовах, я проста не ведаю. І падставаў для правядзення хоць якіх выбараў у нас на сённяшні дзень, калі акупавана каля 20 % тэрыторыі, – абсалютна няма. Ды і ўнутры самой Украіны я не бачу вялікага запыту людзей на тое, што вось, маўляў, давайце зараз тэрмінова праводзіць выбары. І нават прыблізны тэрмін іх назваць цяпер не рэальна. Бо нават пасля заканчэння актыўнай фазы баявых дзеянняў ніхто вам не раскажа пра тэрміны, у якія магчыма будзе арганізаваць выбары: праз тры ці праз дзевяць месяцаў іх можна будзе падрыхтаваць.

У нас кожныя 90 дзён падаўжаецца ваеннае становішча. І цяпер яно актуальнае. А значыць, выбары праводзіцца не могуць».

Выбары ў Аргентыне: трампізм нікуды не знік

22 кастрычніка ў свеце сачылі за выбарамі прэзідэнта Аргентыны. Там таксама вельмі няпростая сітуацыя. У другі тур, які адбудзецца 19 лістапада, выйшлі міністр эканомікі і анархакапіталіст. Ультраправага радыкала Хавіера Мілея (Javier Gerardo Milei), якому 53 гады і які жадае закрыць Цэнтрабанк, а затым перавесці краіну з разлікаў у песа на долары, выданне «The New York Times» нават назвала міні-Трампам, бо ён лічыць экс-прэзідэнта ЗША «адным з найлепшых прэзідэнтаў у гісторыі Злучаных Штатаў». Сярод прапановаў Мілея – прыватызацыя, адмена сістэмы сацыяльнай абароны, легалізацыя наркотыкаў, прастытуцыі ды нашэння зброі. Але Мілей пакуль саступае міністру эканомікі Сэрхіё Массе (Sergio Tomás Massa) больш за 6 % галасоў.

Газеты ў кіёску з загалоўкамі пра кандыдатаў у прэзідэнты Аргенціны праз дзень пасля першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Буэнас-Айрэсе, Аргенціна. 23 кастрычніка 2023 года.
Фота: Cristina Sille / Reuters / Forum

І гэта пры тым, што краіна сутыкнулася з шостай рэцэсіяй за 10 гадоў, а гадавая інфляцыя сёлета ўпершыню з 1991 года перавысіла 100-адсоткавую мяжу ды цяпер, паводле некаторых ацэнак, складае ажно 140 %. Тым не меней, Маса ўсцяж карыстаецца адноснай папулярнасцю. Яму вераць, а сам кандыдат заявіў аб адданасці дэмакратычным каштоўнасцям ды павазе да дзяржаўных інстытутаў. Ужо цяпер каля 40 % аргентынцаў жывуць за рысаю беднасці. Але Маса ў выпадку перамогі збіраецца працягнуць вонкавапалітычны курс краіны на захаванне стасункаў з Кітаем і Расеяй. Мілей – наадварот, антырасеец. Цяперашні кіраўнік краіны – 64-гадовы Альбэрта Анхэль Фэрнандэс (Alberto Ángel Fernández), які ўзначаліў краіну 10 снежня 2019 года, у сёлетнім красавіку вырашыў не выстаўляць сваёй кандыдатуры на чарговых усеагульных выбарах, задаволіўшыся адным тэрмінам кіравання.

А якія бываюць выбары?

Некаторыя называюць выбары самых нізкіх узроўняў улады не столькі палітычнымі, колькі сацыяльнымі. Бо ў дэмакратычных краінах роля мясцовага самакіравання даволі значная, і лакальныя выбары выклікаюць вялікую ўвагу ў жыхароў невялікіх раёнаў і паселішчаў. І наадварот: там, дзе ўладу на доўгія гады захапілі аўтакраты-дыктатары, ад маленькіх начальнікаў мала што залежыць. У Беларусі і Расеі, напрыклад, дзе за дзесяцігоддзі пабудаваныя непадступныя вертыкалі ўлады, усё вызначаюць прэзідэнты, а чыноўнікі губляюць сваю вагу, чым ніжэйшае месца ў вертыкалі яны займаюць. То бок раённыя кіраўнікі валодаюць найменшымі правамі ды практычна пазбаўленыя магчымасці нешта самастойна вызначаць. Іх вымушаюць узгадняць дзеянні з абласнымі чыноўнікамі, а тыя мусяць шукаць падтрымання ў найвышэйшых колах кіраўніцтва краіны. Адпаведна, і бюджэтныя грошы размяркоўваюцца адтуль.

Нагадаем, існуюць тры асноўныя выбарчыя сістэмы:

– Самая ўніверсальная – мажарытарная (фр. majorité – большасць), якая фармуе органы ўлады праз персанальнае (індывідуальнае) прадстаўніцтва. Адпаведна назве, абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў. Выкарыстоўваючы гэтую сістэму, можна праводзіць выбары як асобных прадстаўнікоў (прэзідэнт, губернатар, мэр), гэтак і калектыўных органаў дзяржаўнай улады ці мясцовага самакіравання (парламент, гарадская, абласная ці раённая ўлада).

Прапарцыйная выбарчая сістэма. Органы ўлады абіраюцца праз партыйнае прадстаўніцтва. Месцы (мандаты) размяркоўваюцца ў поўнай адпаведнасці з колькасцю галасоў, набраных партыяй. Звычайна агульная колькасць галасоў дзеліцца на колькасць мандатаў, якія праходзяць праз пэўную выбарчую акругу.

Змяшаная выбарчая сістэма. Уся тэрыторыя падзяляецца на выбарчыя акругі, у якіх складаюцца спісы кандыдатаў як паводле мажарытарнага прынцыпу, гэтак і паводле прапарцыйнага. І таму гэта, па сутнасці, сукупнасць дзвюх вышэй названых сістэмаў. Частка мандатаў размяркоўваецца па партыйных спісах, частка – зыходзячы з галасавання за асобнага кандыдата. Паводле гэтых сістэмаў праводзяцца выбары і рэферэндумы, а таксама падсумоўваюцца іх вынікі.

Калі казаць пра палітычныя кампаніі, за год у свеце можа адбыцца розная колькасць выбараў. Але ёсць яшчэ непалітычныя выбары, якія могуць праводзіцца ў дзелавых колах, некамерцыйных і нефармальных арганізацыях.

Алесь Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў