Першы беларускі ноўтбук запусцяць у серыйную вытворчасць у лістападзе


Беларускі ноўтбук «Horizont», які 1 верасня паказваў Аляксандр Лукашэнка перад навучэнцамі, запусцяць у серыйную вытворчасць у лістападзе 2022 года. Пра гэта распавёў гендырэктар холдынгу «Horizont» Юрый Прэдка ў эфіры тэлеканалу СТВ.

Беларускі ноўтбук. Скрыншот з відэа: CTVBY/Youtube

«Больш за 80 мадэляў мы гатовыя прэзентаваць рынку. Серыйная і масавая вытворчасць пачнецца ў лістападзе. Мы ўжо атрымалі і заключылі кантракты, замовы. Сёння мы стварылі праграму першага ўзроўню. І яны ўстаноўленыя будуць на камп’ютарах. Мы рыхтуемся да выпуску электроннага блока, міні-камп’ютара, які мацуецца да манітораў. Бо нараўне з ноўтбукамі ў нас падчас вытворчасці будуць выпускацца і маніторы. Сёння ў нас больш за 100 мадэляў манітораў, якія мы прэзентуем рынку ў канцы года», – паведаміў Юрый Прэдка.

Як распавёў гендырэктар кампаніі, яны даўно перабудавалі палітыку продажаў і фармавання вытворчасці. Цяпер яны выпускаюць прадукцыю толькі пад замову і ў іх няма складоў.

«Мы выпускаем вялікую колькасць вырабаў. Я б нават сказаў, мы выйшлі на ўнікальны аб’ём. Мы вырабляем у месяц і прадаем больш за 200 тысяч тэлевізараў. Раней за год рабілі 200 тысяч, а сёння за месяц», – заявіў Прэдка. Ён дадаў, што «Horizont» вырабляе і адгружае прадукцыю ў 18 краінаў.

«Раней мы не прадавалі ў Манголію, цяпер у нас у Манголіі рынак з’явіўся. У нейкай паўзе Казахстан стаяў, а цяпер мы туды пачынаем, і Арменія. Там лагістыка, калісьці было зручней вазіць. З таго боку, з паўднёвага ўсходу, а цяпер я вярнуўся з перамоваў у Арменіі. Будуць продажы ў нас», – паабяцаў дырэктар кампаніі.

Беларускі ноўтбук. Скрыншот з відэа: CTVBY/Youtube

Нагадаем, што 1 верасня падчас адкрытага ўроку Лукашэнка паказаў падлеткам беларускі ноўтбук «Horizont», у якім, паводле Лукашэнкі, беларускага толькі 12 %. Раней паведамлялася, што камп’ютар будзе каштаваць ад 1300 рублёў у залежнасці ад камплектацыі.

Абноўлена
Лукашэнка паказаў першы камп’ютар, створаны ў Беларусі. Беларускага там толькі 12 %
2022.09.01 13:20

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў