Украіна абвясціла аб спыненні транзіту ў Еўропу траціны расейскага газу


Аператар газатранспартнай сістэмы Украіны заявіў, што а 7 раніцы 11 траўня спыніць транзіт газу праз станцыі ў Луганскай вобласці, якія знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі.

У паведамленні сказана, што далейшая транспарціроўка газу праз газавымяральную станцыю «Сохрановка» і памежную кампрэсарную станцыю «Навапскоў» немагчымая з-за наступу форс-мажорных абставін. Украінскі бок адзначыў, што не можа кантраляваць станцыю «Навапскоў» і іншыя свае актывы на акупаваных тэрыторыях, таму прыём газу ажыццяўляцца не будзе.

Выява: Аператар ГТС Украіны

Праз Луганскую вобласць з Расеі ў Еўропу паступае амаль трэць расейскага газу і каб выканаць абавязацельствы па транзіце газу, аператар газатранспартнай сістэмы Украіны прапанаваў перанесці гэты аб’ём на газавымяральную станцыю «Суджа», якая знаходзіцца на кантралюемай Украінай тэрыторыі.

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў заявіў, што НАК «Нафтагаз Украіны» паведаміў кампаніі, што ў выпадку працягу падачы газу з расейскага боку на станцыю «Сохрановка» «будуць зменшаны абʼёмы на кропках выхаду з газатранспартнай сістэмы Украіны».

Адзначаецца, што ўкраінскі бок неаднаразова паведамляў «Газпром» аб пагрозах транзіту з-за дзеянняў акупацыйных сіл, якія кантралююцца Расеяй, і запатрабаваў спыніць умяшанне ў працу абʼектаў, але гэтыя звароты былі праігнараваныя.

«У сувязі з гэтым «Газпром» заяўляе, што не атрымаў якіх-небудзь пацверджанняў абставінаў форс-мажору, не бачыць ніякіх перашкод для працягу працы ў ранейшым рэжыме», – заявіў прадстаўнік расейскай газавай кампаніі.

Заява аб спыненні падачы газу ўкраінскага боку ўжо выклікала скачок коштаў на газ у Еўропе.

Hавiны
Кіраўнікі краін G7 паабяцалі зменшыць залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў
2022.05.08 22:47

АД belsat.eu

 

Стужка навінаў