Міжнародныя рэзервы Беларусі перавысілі $ 8 млрд. Ізноў дзякуючы коштам на золата


Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што за сакавік міжнародныя рэзервы выраслі на $ 329 млн і склалі $ 8,99 млрд. Еўразійскі банк развіцця растлумачыў чаму: на сусветным рынку падаражэла золата, а на ўнутраным рынку заўважна ўпаў попыт на валюту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Linda Hamilton / Pixabay

Міжнародныя золатавалютныя рэзервы Беларусі другі раз сёлета перавысілі $ 8 млрд. Паводле звестак на 1 красавіка, у дзяржаўным скарбе цяпер 8 мільярдаў 980 мільёнаў 600 тысяч долараў. Месяц таму было 7 мільярдаў 769 мільёнаў 500 тысячаў, а 1 лютага — 8 мільярдаў 142 мільёны 800 тысячаў.

З леташняга жніўня Нацыянальны банк Беларусі не раскрывае структуры рэзерваў і фактараў, што ўплываюць на іх змены. Затое тлумачэнні дае Еўразійскі банк развіцця. У сакавіку беларускія рэзервы выраслі дзякуючы падаражэнню золата на сусветным рынку (за месяц — на 7,7 %). Акрамя таго, адбілася заўважнае падзенне попыту на валюту на ўнутраным рынку.

Таксама дзякуючы кошту золата міжнародныя актывы Беларусі павялічыліся ў студзені, паведамляў раней ЕАБР. А ў лютым яны знізіліся на $ 373 млн. Тады паўплывала сезоннае павелічэнне попыту на валюту з боку банкаў і юрыдычных асобаў ды падзенне цэнаў на золата.

Паводле прагнозаў уладаў, сёлета золатавалютныя рэзервы мусяць скласці не меней за $ 6 млрд.

Hавiны
Еўразійскі банк развіцця раскрыў сакрэт павелічэння міжнародных рэзерваў Беларусі
2023.02.13 12:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў