Белстат: Беларусы больш жэняцца, чым разводзяцца


За 2022 год у Беларусі зарэгістраваныя каля 57,9 тысячы шлюбаў і амаль 34 тысячы разводаў, сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Дмитрий Фурманов, Ольга Карякина, свадьба, брак, бывший политзаключённый, Вильнюс, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле Белстату, доля разжэнстваў у першы год сямейнага жыцця склала 3 %, ад 1 да 4 гадоў – 24,9 %, ад 5 да 9 гадоў – 27,6 %.

Таксама жанчыны і мужчыны сталі пазней заключаць шлюбы. Сярэдні ўзрост тых, хто ўпершыню ўзяў шлюб: у жанчын – 26,5 года, у мужчын – 28,7. Летась гэты паказнік складаў у жанчын – 26,3 года, а ў мужчын – 28,6.

Сярод замежных грамадзянаў, якія бяруць шлюб з беларусамі, першыя месцы займаюць жаніхі і нявесты з Расеі, Украіны і Літвы. Гэтак, у 2022-м за беларускіх мужчынаў замуж выйшлі 933 расяянкі, а з беларускімі жанчынамі ажаніліся 988 мужчынаў з Расеі. Украінскіх нявест было 201, жаніхоў – 187. Для заключэння шлюбу з Літвы прыехалі 28 нявест, жаніхоў было больш – 113.

Таксама з беларусамі пераважна жэняцца грамадзяне Латвіі, Нямеччыны ды Ізраілю. Раней заяўлялася, што кожны пяты шлюб у Менску заключаюць з замежнікамі. З беларускамі стасункі рэгіструюць жаніхі больш як са ста краінаў свету: з Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Сірыі, Лівану, Ірану, Іраку, Алжыру, Конга, Кеніі, Камеруну.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў