Лукашэнка: Антысанкцыйнай перабудовы і інвестыцыяў няма, а ў кіраўнікоў «хата з краю»


Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка на паседжанні Савету Міністраў заявіў, што ў 2022 годзе пад санкцыі трапілі «ключавыя экспартавыя галіны, 40 % нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартава-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў». Гэта, паводле яго, уплывае на бяспеку рэжыму.

Лукашэнка на нарадзе 10 сакавіка.
Фота: president.gov.by

«Усё трымаецца на эканоміцы. Усякая бяспека, барацьба з беспілотнікамі, бандытамі, тэрарыстамі – усё ў эканоміцы. Будзе эканоміка – усё астатняе мы вырашым», – сказаў Лукашэнка.

Тым не менш, заявіў ён, «паўнавартаснай антысанкцыйнай перабудовы, на жаль, яшчэ не адбылося».

«Пакуль што адны кіраўнікі шукаюць і знаходзяць магчымасці эфектыўна працаваць, іншыя занялі адкрыта чакальную пазіцыю ў надзеі на лепшыя часы. А трэція наогул вырашылі, што іх хата з краю, і спадзяюцца выключна на дапамогу дзяржавы», – адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама згадаў, што ў жніўні 2022 года паставіў перад урадам задачу аднаўляць аб’ёмы інвестыцыяў з прыярытэтам стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцяў, якія арыентуюцца на экспарт і працуюць на мясцовай сыравіне, але «новых прадпрыемстваў практычна няма».

Цэны не павінны расці, а асартымент павінен быць

Для ўраду ключавым маркерам на 2023 год Лукашэнка назваў «павелічэнне колькасці працоўных месцаў, даходаў насельніцтва». Сярод прыярытэтаў – заробкі бюджэтнікаў і вайскоўцаў, падтрыманне сем’яў з дзецьмі і пенсіянераў.

«Трэба думаць, дзе браць рэзервы, каб рост зарплаты не спыніўся», – запатрабаваў ён.

Асаблівую ўвагу ён даручыў звярнуць на змаганне з інфляцыяй, бо «такога ўсплёску, які адбыўся мінулай восенню, больш дапускаць катэгарычна нельга».

Hавiны
Беларускую эканоміку чакае стагнацыя
2023.02.27 16:49

«Якімі хочаце спосабамі (манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі), але дамагайцеся, каб, як дамовіліся, трымаць калідор у раёне 7 %. Гэта лічба павінна быць чырвонай лініяй, яе павінен разумець бізнес, вытворца і гандаль. Інакш меры будуць прынятыя самыя жорсткія. Бязмежжа мы дапусціць проста не можам. Цэны павінны быць справядлівымі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго, павінен быць і паўнавартасны асартымент у крамах, «у прыярытэце – ад айчыннага вытворцы».

Пераарыентавалі толькі 80 % экспарту

Адносна экспарту Лукашэнка заявіў, што рэжыму «пакуль не ўдалося паўнацэнна кампенсаваць усе страты»: «на рынкі дружалюбных краінаў пераарыентавана каля 80 %». Ён даручыў максімальна аператыўна і эфектыўна развязаць пытанні лагістыкі.

Кажучы пра неабходнасць працаваць з Афрыкай, Лацінскай Амерыкай і Азіяй, Лукашэнка таксама сказаў не скідаць з рахункаў і ЗША з Еўропай. Сярод краінаў далёкай дугі галоўным стратэгічным партнёрам ён назваў Кітай. Паводле яго, падчас нядаўняга візіту ў Пекін было заключана амаль 40 кантрактаў на $ 3,5 млрд, але час можа быць страчаны з прычыны «бясконцых прапрацовак і ўзгадненняў».

«Трэба выціснуць максімум і аднавіць актыўнасць кітайскіх бізнесменаў на нашай тэрыторыі, павялічыць у некалькі разоў кітайскія інвестыцыі», – сказаў Лукашэнка.

Агулам, паводле яго, у прамысловасці «ўсе несанкцыйныя галіны павінны дадаць па 4–5 % у вытворчасці і выйсці на максімальны ўзровень загрузкі магутнасцяў». Аграрыям жа Лукашэнка даручыў сабраць «сілы ў кулак» і навесці «жалезную вытворчую дысцыпліну».

Апроч таго, Лукашэнка даручыў прапрацаваць і да 1 траўня ўнесці прапановы адносна разняволення рэгіёнаў і прадпрыемстваў.

«Няхай губернатары (максімум – губернатары) прымаюць усе рашэнні, не трэба цягнуць іх наверх», – сказаў ён.

Нацбанку ж даручана стварыць адзіны цэнтр спрыяння прадпрыемствам у правядзенні плацяжоў і «перагледзець працэдуру фінансавання», каб прадпрыемствы не чакалі «тыднямі і месяцамі, пакуль іх заяўку ўхваляць або завярнуць».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў