Жлобінскага чыноўніка адправілі на содні за выпадковы лайк у Instagram


Цяпер ужо былога начальніка аддзелу спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму Яўгена Ахрэменку асудзілі на 15 содняў 28 снежня. Высветліліся падрабязнасці ягонага затрымання. Чыноўніка арыштавалі за лайк, які ён паставіў на адной з Instagram-старонак, прызнаных экстрэмісцкімі, піша «Гомельская вясна».

Яўген Ахрэменка.
Фота: «Гомельская вясна»

Ахрэменка адзначыў падабайкаю публікацыю «Free_Zhlobin», залучанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і «тым самым павялічыў ахоп аўдыторыі для яе прагляду, чым распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю названай супольнасці».

У допісе аўтары віншавалі з «днём прафнепрыдатнасці» супрацоўнікаў КДБ.

Ахрэменка падчас працэсу віну прызнаў часткова і патлумачыў, што гэта было зроблена выпадкова, мэты распаўсюду не меў, бо перачытваў публікацыі названай супольнасці з мэтаю выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падначаленых работнікаў і спартоўцаў.

Але на вынік суда пакаянне чыноўніка не паўплывала, роўна як і тое, што Ахрэменка мае трох няпоўнагадовых дзяцей: 15 содняў і канфіскацыя «прадмета злачынства» – мабільнага тэлефона.

У Instagram-акаўнце Ахрэменкі кантэнт выключна «ідэалагічна правільны»: граматы ад іншых чыноўнікаў, афіцыйныя імпрэзы, спорт.

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў