«Nizkiz» не апошнія. Пра што мы спрачаемся?

Арышт музыкаў гурта «Nizkiz» узняў хвалю эмацыйных спрэчак у сацыяльных сетках і медыях. І тэзіс, вакол якога ламаліся дзіды, усё той жа: «Трэба ці не трэба было з’язджаць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі рок-гурт «Nizkiz» выступае на канцэрце ў цэнтры Варшавы ў межах заключнай часткі фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

Праз тры з паловаю гады пасля пачатку масавых рэпрэсіяў супраць «нязгоднай большасці» і праз амаль два гады ад уварвання (з тэрыторыі Беларусі) ва Украіну здаецца, што ўсё, што магло, тое ўжо адбылося, усе набатныя званы празванілі, пажарныя сірэны празвінелі, ды нават смажаныя пеўні ўжо дзюбанулі «каго трэба» ў адпаведныя філейныя часткі. І кожны грамадзянін з трох мільёнаў тых, хто прагаласаваў «за перамены» (не кажучы ўжо пра актыўных удзельнікаў мірных пратэстаў) ужо прыняў для сябе ўзважанае, рацыянальнае і ўсвядомленае рашэнне адносна далейшага лёсу. Прынамсі, мусіў.

І калі музыкі абралі застацца, нягледзячы на адсутнасць магчымасці выступаць на радзіме і наяўнасць такіх магчымасцяў за мяжой, то былі на гэта сур’ёзныя і важкія падставы – у першую чаргу, асабістага характару. Прычыны больш значныя, чым спадарожныя рызыкі.

Ды што тут абмяркоўваць? Пра што спрачацца? Пра тое, што каментатары зрабілі б інакш? Ну дык яны ж, гэтыя каментатары, і паступілі… зʼехаўшы і маючы цяпер магчымасць пра гэта так свабодна разважаць.

Спрачацца пра тое, як трэба было? Дык хто ж ведае, як «трэба» іншаму? Хто такі смелы? Тут бы з самім сабой разабрацца, прымірыцца. Для таго, каб разважаць пра іншых, трэба пражыць іхнае жыццё. «Try walking in my shoes», як праспявалі калісьці Гаан з Горам.

Парадокс, але такія спрэчкі, пры ўсёй іх хваравітасці, адлюстроўваюць цалкам здаровы стан грамадства. І больш за тое, гэта прыкмета наяўнасці гэтага самога грамадства, чагосьці агульнага, супольнага, таго, што аб’ядноўвае беларусаў.

Музыкі «Nizkiz» – свае, нашыя, блізкія людзі. Таму так і баліць за іх сэрца, і хочацца забегчы ў часе кудысьці на месяц таму, у снежань 2023 года і навучыцца розуму, распавесці ім, што будзе, неяк засцерагчы. Менавіта таму, што свае.

У выпадку арышту Саладухі ці сясцёр Груздзевых ніхто так перажываць не будзе. А сваіх шмат. І Калеснікава з Бабарыкам і Знакам, і Статкевіч з Ціханоўскім і Севярынцам, і музыкі, і журналісты, і праграмісты, і маркетолагі, і кіроўцы, і слесары. І тысячы, якія ўжо сядзяць у СІЗА, турмах і калоніях, і дзясяткі тысячаў, якія прайшлі праз адміністратыўныя суды, і сотні тысяч, якія ўдзельнічалі ў маршах і цяпер застаюцца ў непасрэднай зоне рызыкі, і мільёны тых, хто прагаласаваў. Яны ўсе нам свае. І за кожнага з іх балюча, і за кожнага страшна.

Узровень болю змяняецца ў залежнасці ад блізкасці знаёмства, але само адчуванне не мінае. І нам неабходная мужнасць. З трох мільёнаў з’ехала каля 300 тысяч, а значыць, пагромы, чысткі, арышты і забароны на прафесійную дзейнасць будуць працягвацца. Яшчэ доўга.

Доўга, таму што няма ў іх ужо ні сэнсу, ні логікі. Бо задача пастаўленая «зачысціць усіх», а як жа ты іх зачысціш, калі праціўнікі местачковай «аграманархіі» растуць хутчэй, чым іх саджаюць? Так, яны сёння сядзяць у кухнях і ў зусім апалітычных чатаз, маўчаць, «не высоўваюцца». Але хто можа шчыра палюбіць, паверыць у «краіну без будучыні», калі адзінай логікай, ідэалогіяй рэжыму застаецца кароткатэрміновае захаванне асабістай улады?

Таму можна толькі канстатаваць: цяперашні ўзровень рэпрэсій у Беларусі будзе захоўвацца датуль, пакуль будзе існаваць палітычны ландшафт вакол нас, і толькі яго змена (перамога аднаго з бакоў у вайне, эканамічны крызіс альбо палітычная смута ў Расеі і падобнае) можа выклікаць патрэбу ў нашых уласных, унутрыбеларускіх зменах.

Такая рэальнасць. Усведамляць, прымаць яе цяжка, але неабходна. І арышт музыкаў «Nizkiz» – падзея гучная, але зусім не апошняя. Таму, хацелася б папрасіць каментатараў, якія добра ведаюць, «як трэба» жыць іншым, зрабіць валявы высілак і прытрымаць сваё меркаванне пры сабе. Яно не дапамагае. А калі так ужо свярбіць, выдаткуйце гэтую энергію на нешта карыснае для агульнай справы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў