Бягуння Крысціна Ціманоўская возьме ўдзел у чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце


Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская выступіць на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапэшце. Бягуння рэпрэзентуе зборную Польшчы.

Крысціна Ціманоўская.
Фота: Крысціна Ціманоўская/Instagram

Пра афіцыйнае залічэнне ў склад польскай зборнай на дыстанцыях 100 метраў, 200 метраў і ў эстафеце 4х100 метраў Ціманоўская апавяла на сваёй старонцы ў Instagram.

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы пройдзе ў сталіцы Вугоршчыны Будапэшце з 19 да 27 жніўня сёлета. У спаборніцтве возьмуць удзел прынамсі 2000 спартоўцаў з больш як 20 краінаў свету.

Надоечы Крысціна Ціманоўская паведаміла, што атрымала допуск да міжнародных спаборніцтваў. Польскі лёгкаатлетычны звяз атрымаў афіцыйны ліст ад міжнароднай федэрацыі, у якім паведамляецца пра скасаванне каранціну для беларускай атлеткі з польскім пашпартам. Такі каранцін уводзяць для спартоўцаў, якія выступалі за адну краіну, а потым пастанавілі атрымаць грамадзянства іншай краіны ды выступаць за яе. У Ціманоўскай акурат такі выпадак: на Алімпіяду ў Токіа ў 2021 годзе яна ездзіла яшчэ як рэпрэзентантка Беларусі.

Допуск на міжнародныя спаборніцтвы адкрывае перад Ціманоўскаю магчымасць пазмагацца за ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Інтэрв’ю
Ціманоўская паказала свой найлепшы вынік і адмовілася гаварыць пра палітыку
2023.06.13 17:42

Беларуская бягуння з 2022 года паспяхова выступае на польскіх спаборніцтвах. У канцы ліпеня яна здабыла два срэбныя медалі на чэмпіянаце Польшчы па лёгкай атлетыцы, а ў траўні – золата на студэнцкім чэмпіянаце ў Познані.

У 2021 годзе Крысціна Ціманоўская брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа ў складзе беларускай нацыянальнай зборнай. Калі спартоўка адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, а яшчэ і распавяла пра гэта ў сацыяльных сетках, раскрытыкаваўшы беларускіх спартовых чыноўнікаў, яе паспрабавалі сілаю вярнуць у Беларусь. Аднак бягуння звярнулася ў мясцовую паліцыю ды медыі і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў. Пасля гэтага Крысціна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарны від на жыхарства, а пазней і грамадзянства. Польскі пашпарт Ціманоўская атрымала 28 чэрвеня 2022 года асаблівым указам прэзідэнта Анджэя Дуды.

Hавiны
«Калі б вербаваў КДБ, пра гэта б дазналіся ўсе мае падпісанты ў Instagram – гэта ж весела»
2023.05.03 14:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў